Святы Айцец: Важна дазваляць Езусу кожны дзень хаця б хвіліну паглядзець на сябе | Друк |
Святы Айцец
02.05.2014 14:25

Чылійскае тэлебачанне паказала незвычайнае інтэрв’ю з Папам Францішкам, у якім Пантыфік адказвае на пытанні іерарха, занепакоенага адсутнасцю пакліканняў у сваёй дыяцэзіі. Гутарка была запісана падчас візіту біскупа Хуана Ігнасіа Гансалеса Эрасурыса ў Ватыкане.

“Што сказаў бы Папа маладому чалавеку, які адчувае сябе пакліканым да святарскага або манаскага жыцця?” - такое пытанне задаў чылійскі іерарх. “Трэба дазволіць Хрысту паглядзець на сябе, таму што гэта не святар, біскуп ці Папа клічуць”, - адказаў Пантыфік.

Святы Айцец дадаў, што менавіта Езус глядзіць з любоўю, паказвае маладому чалавеку яго місію, людзей і іх патрэбы, паказвае Божы народ, які мае патрэбу ў яго дапамозе. “Важна дазваляць Езусу кожны дзень хаця б на хвіліну паглядзець на сябе”, - сказаў Папа чылійскаму біскупу.

Іерарх спытаў Святога Айца таксама аб тым, што той скажа чалавеку, які баіцца ісці за голасам паклікання. Папа нагадаў, што сам Езус сустрэў добрага маладога чалавека, якому, аднак, не хапіла смеласці пайсці за Ім. “Маладыя людзі вольныя, яны могуць не адказаць на голас паклікання, але яны павінны паглядзець на засмучанага іх рашэннем Езуса і смутак многіх сэрцаў, што не змогуць вырашыць сваіх праблем з-за адсутнасці святара”, - сказаў Пантыфік.

У канцы інтэрв’ю Папа падкрэсліў: “Будзьце адважнымі, не будзьце неразумнымі. Калі Пан бярэ цябе за руку, ніколі не пакіне самотным”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by