Папа звярнуўся з заклікам у сувязі з трагічнымі падзеямі ва Украіне і Афганістане | Друк |
Святы Айцец
04.05.2014 13:41

Папа Францішак звярнуўся з заклікам аб міры ва Украіне. 4 мая пасля нядзельнай малітвы “Regina Caeli” на плошчы св. Пятра Пантыфік пажадаў даверыць вырашэнне драматычнага канфлікту ў гэтай краіне заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Дарагія браты і сёстры, хачу даверыць Маці Божай сітуацыю ва Украіне, дзе не знікае напружанасць. Сітуацыя цяжкая! Малюся разам з вамі за загінуўшых у гэтыя дні, просячы, каб Пан выліў у сэрцы ўсіх пачуцці прымірэння і братэрства”, - сказаў Папа.

Таксама Святы Айцец заклікаў маліцца за ахвяраў апоўзня ў Афганістане, які абрынуўся на вёску Хоба-Барык у горнай правінцыі Бадашхан 2 мая. На сённяшні дзень зніклымі без вестак лічацца каля 2 тыс. ахвяраў трагедыі. Дакладна вядома аб смерці каля 400 жыхароў пасялення. “Божа Усемагутны, які ведаеш імя кожнага з іх, прымі ўсіх у сваім супакоі; дай тым, хто засталіся ў жывых, сілы жыць далей, пры падтрымцы тых, хто дапамагае паменшыць іх пакуты”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by