8 мая Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ, які знаходзіцца з візітам у Рыме. Пасля прыватнай сустрэчы Святы Айцец звярнуўся да іерарха з прамовай, у якой адзначыў, што адносіны паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам умацаваліся асабліва на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
Гэтаму, па словах Пантыфіка, паспрыяў візіт Яна Паўла ІІ у Арменію у 2001 г., а таксама шматлікія візіты армянскага іерарха ў Вечны горад. “Тут я б хацеў узгадаць пра іншую падзею вялікага значэння, у якой Ваша Святасць прымала ўдзел – успамін мучанікаў за веру ХХ ст., што адбылося ў кантэксце Вялікага Юбілею 2000 г. Сапраўды, шэрагі вучняў, якія пралілі кроў за Хрыста падчас трагічных падзей мінулага стагоддзя, большая за колькасць мучанікаў першых стагоддзяў, і ў гэтым мартыралогу сыны армянскага народа займаюць ганаровае месца”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што сведчанне армянскіх мучанікаў – трагічнае і высокае – не павінна быць забыта, і падкрэсліў, што іх кроў стала “зернем адзінства”. “Экуменізм пакутаў, экуменізм мучаніцтва, экуменізм крыві – гэта моцны заклік, каб ісці шляхам паяднання паміж Цэрквамі, з рашучасцю і даверлівай адданасцю дзейнасці Святога Духа. Мы адчуваем абавязак прайсці гэтым шляхам братэрства таксама ў якасці ўдзячнасці, якую маем за пакуты нашых шматлікіх братоў, якія сталі збаўчымі дзякуючы лучнасці з мукай Хрыста”, - заўважыў Папа.
Пантыфік падзякаваў Гарэгіну ІІ за яго дзейнасць на карысць развіцця экуменічнага дыялогу і заклікаў падтрымліваць адзін аднаго малітоўна.
Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі накіраваліся ў капліцу “Redemptoris Mater”, размешчаную ў Апостальскім палацы, на супольную малітву.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|