9 мая Папа Францішак сустрэўся з вядучымі службовымі асобамі ўстаноў, фондаў і праграм Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якія праводзяць у гэтыя дні ў Рыме сваю нараду. Пантыфік падзякаваў сабраным за “намаганні дзеля забеспячэння міру ва ўсім свеце, павагі чалавечай годнасці, абароны самых бедных і найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, гарманічнага эканамічнага і сацыяльнага развіцця”, дадаўшы, што многае яшчэ “павінна быць дасягнута”.
Папа выказаў непакой з-за таго, што “важная частка чалавецтва працягвае не мець доступу да пладоў прагрэсу і на самой справе аднесена да статусу грамадзян другога гатунку”. Устойлівае развіццё, падкрэсліў Пантыфік, звязана наўпрост з рэальным вырашэннем пытання галечы і голаду, дасягненнем больш істотных вынікаў у абароне навакольнага асяроддзя, забеспячэннем годнай і прадукцыйнай працы для ўсіх, абаронай сям’і. Яно ўключае ў сябе супрацьстаянне розным формам несправядлівасці: “эканоміцы выключэння”, “культуры адыходаў” і “культуры смерці”.
Святы Айцец прывёў прыклад біблійнага Закхея, які пасля сустрэчы з Хрыстом прыняў радыкальнае рашэнне аднавіць справядлівасць. Па словах Папы, “гэты ж дух павінен быць у пачатку і ў канцы ўсёй палітычнай і эканамічнай дзейнасці” і прывесці сучасных палітыкаў і фінансістаў да смелых рашэнняў. “Гісторыя Езуса і Закхея вучыць нас, што вышэй за эканамічныя і сацыяльныя сістэмы і тэорыі заўсёды будзе неабходнасць шчодрай, эфектыўнай і практычнай адкрытасці да патрэбаў іншых”, - адзначыў Пантыфік.
Папа заклікаў чыноўнікаў ААН да “сапраўднай этычнай мабілізацыі”, заснаванай на агульным для ўсіх ідэале братэрства і салідарнасці, асабліва ў адносінах да самых бедных і выключаных.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|