Папа Францішак yдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне навучэнцам рымскіх семінарый | Друк |
Святы Айцец
12.05.2014 12:58

11 мая Папа Францішак yдзяліў у ватыканскай базыліцы св. Пятра прэзбітэрскае пасвячэнне 13 навучэнцам рымскіх семінарый, 6 з якіх паходзяць з Італіі, 7 - з Пакістана, В’етнама, Паўднёвай Карэі, Эквадора, Венесуэлы, Чылі і Бразіліі. У гэты дзень у Каталіцкім Касцёле адзначаўся Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.

У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што Бог з’яўляецца Найвышэйшым святаром, які выбірае тых, хто павінен працягваць місію Хрыста, і яны будуць служыць свайму Настаўніку і Пану, будучы святарамі Новага Запавету.

Звяртаючыся да новых святароў, Папа заклікаў іх верна перадаваць атрыманае Слова Божае, разважаць над ім і жыць тым, чаму навучаюць, заклікаў новых прэзбітэраў быць заўсёды міласэрнымі. Пантыфік прызнаўся, што яму баліць тое, калі людзі перастаюць прыступаць да споведзі, таму што святар адносіцца да іх дрэнна. “Ніколі не зачыняйце дзверы вашага служэння, бо ў адваротным выпадку вы не будзеце добрымі пастырамі”, – сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў новых святароў аб’ядноўваць вернікаў у адну сям’ю і заўсёды мець перад вачыма Добрага Пастыра.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by