Пантыфік адмовіўся ад узмоцненых мер бяспекі падчас паездкі ў Святую Зямлю і ўвёў новую традыцыю ў арганізацыю папскіх падарожжаў | Друк |
Святы Айцец
18.05.2014 16:53

Святы Айцец адмовіўся ад узмоцненых мер па сваёй ахове падчас маючай адбыцца пілігрымкі ў Святую Зямлю. Падчас падарожжа не будзе выкарыстоўвацца куленепрабівальны аўтамабіль. Таксама з гэтага часу ў кожным з папскіх падарожжаў будзе прымаць удзел адзін з “простых” ватыканскіх супрацоўнікаў.

Пантыфік папрасіў адкрыты папамабіль і звычайную машыну. Падчас пілігрымкі Святы Айцец звернецца ў агульнай складанасці з 14-ю прамовамі. Усе яны прагучаць па-італьянску. У перакладзе вернікі пачуюць толькі сінтэз папскіх зваротаў. Новаўвядзеннем будзе перанясенне часу прывітальных прамоў прадстаўнікоў мясцовых Касцёлаў і ўладаў. Звычайна яны гучалі перад пачаткам набажэнстваў. Падчас цяперашняга візіту гэта будзе адбывацца пасля іх заканчэння.

Папа Францішак пажадаў таксама ўвесці новую традыцыю ў арганізацыю папскіх падарожжаў. З гэтага часу ў кожным з іх будзе прымаць удзел адзін з “простых” ватыканскіх супрацоўнікаў. У пілігрымку ў Святую Зямлю з Папам паедзе Паўло Піётта, які працуе ў прыватным сховішчы Святога Айца.

Да падарожжа выпушчаны спецыяльны памятны медаль, на якім адлюстраваны момант сустрэчы Папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора 50 гадоў таму ў Іерусаліме і іх братэрскія абдымкі. Медаль атрымаюць тры кіраўнікі дзяржаў і Патрыярхі, з якімі сустрэнецца падчас падарожжа Пантыфік.

Сімвалічнай падзеяй з удзелам Папы Францішка стане ўдзяленне Першай Камуніі на Імшы ў Амане, якую прымуць 1400 іярданскіх дзяцей.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by