Пантыфік пра розніцу паміж супакоем Святога Духа і супакоем грошы і ўлады | Друк |
Святы Айцец
20.05.2014 17:16

Хто адкрывае сэрца на дзейнасць Святога Духа, будзе мець трывалы і бясконцы спакой, у адрозненне ад тых, хто вырашыў даверыцца спакою, прапанаванаму грашыма або ўладай, падкрэсліў 20 мая Папа Францішак падчас гаміліі на ранішняй св. Імшы.

Пантыфік супрацьпаставіў спакою, які даюць рэчы гэтага свету — грошы, улада, ганарыстасць — спакой, што дае чалавеку Святы Дух. Першы заўсёды эфэмерны — сёння ты багаты і важны, а заўтра ніхто. Другі, які ніхто не можа адабраць, з’яўляецца спакоем вечным. Папа спаслаўся на сённяшняе Евангелле, дзе Езус удзяляе свой спакой вучням. «Спакой Хрыста з’яўляецца асабовым, гэта Святы Дух!», — падкрэсліў ён, «гэта асоба, гэта вялікі дар». «Калі Святы Дух ёсць у нашым сэрцы, ніхто не можа адабраць у яго спакою. Ніхто! Гэта канчатковы спакой! Наша заданне — ахоўваць яго. Гэта вялікі спакой, спакой не мой, але іншай Асобы, якая мне дае яго, Асобы, якая знаходзіцца ў маім сэрцы і суправаджае мяне па жыцці. Гэтым спакоем абдарыў мяне Бог», — прамовіў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што гэты спакой мы атрымліваем праз хрост і канфірмацыю, як дзіцяці, якое атрымлівае падарунак, без якіх-небудзь умоў, з адкрытым сэрцам, і Святога Духа трэба ахоўваць.

«Калі вы будзеце мець гэты спакой Святога Духа, калі вы будзеце насіць Святога Духа ў сабе і будзеце ўсведамляць гэта, ваша сэрца не будзе трывожыцца. Будзьце ўпэўненыя!», — сказаў Папа Францішак. Ён нагадаў словы св. Паўла, які сказаў, што, каб увайсці ў Валадарства Нябеснае, трэба прайсці праз мноства нягод. І іх мае кожны, меншыя або большыя. Але «няхай не трывожыцца сэрца вашае», паўтарыў Святы Айцец словы Езуса і нагадаў, што матывам гэтага для кожнага хрысціяніна з’яўляецца прысутнасць у яго сэрцы Святога Духа.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2025 Catholic.by