Святы Айцец выступіць на форуме, прысвечаным праблеме голаду ў свеце |
| Друк | |
Святы Айцец
|
21.05.2014 14:43 |
Папа Францішак выступіць на міжнароднай канферэнцыі па праблемах харчавання. Як заявілі ў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, Святы Пасад пацвердзіў удзел Пантыфіка ў форуме.
Генеральны дырэктар ФАО Жазэ Грацыяна да Сільва выказаў задавальненне гэтым фактам, адзначыўшы, што Папа Францішак выступае за будучыню, у якой кожнаму чалавеку будзе забяспечана дастатковая колькасць прадуктаў харчавання.
Канферэнцыя, арганізаваная ФАО сумесна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, будзе праходзіць з 19 па 21 лістапада ў Рыме. Гэта ўжо другі з 1992 г. форум такога маштабу, прысвечаны праблеме голаду ў свеце. На сустрэчы будуць прысутнічаць кіраўнікі дзяржаў і іншыя высокапастаўленыя палітыкі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці, якія абмяркуюць стратэгіі ў барацьбе з голадам і недаяданнем.
Па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, 842 мільёны чалавек у свеце пакутуюць ад хранічнага голаду. Кожны год па прычыне недаядання памірае 7 мільёнаў дзяцей.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|