Папа Францішак: «радасць — гэта своеасаблівы знак хрысціяніна» |
| Друк | |
Святы Айцец
|
23.05.2014 15:25 |
Радасць — гэта «пячатка хрысціяніна», нават у момант пакутаў і турботаў, адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 22 мая. Пантыфік нагадаў, што хрысціянін не можа быць сумным, а прабыванню ў хрысціянскае радасці навучае Святы Дух. Францішак звярнуў увагу на заклік Езуса заставацца ў Яго любові. У гэтым, паводле Святога Айца, ёсць навізна — неабходна не толькі любіць, але заставацца ў Божай любові, дыхаць «гэтым кіслародам» і жыць ім. Знакам прабывання ў любові Бога, на думку Францішка, з’яўляецца захаванне вернасці запаведзям — не проста іх выкананне, але жыццё імі. Укаранёнасць у любові праяўляецца ў вернасці запаведзям, перакананы Папа.
Іншым важным сведчаннем прабывання ў любові Пана з’яўляецца хрысціянская радасць. «Радасць — гэта своеасаблівы знак хрысціяніна», — сказаў Святы Айцец і дадаў, што быць вернікам без радасці немагчыма. Калі хрысціянін мае аблічча падобнае на «перац у воцаце», значыць, ён «захварэў»; ён мае праблемы ў душы, праблемы з «хрысціянскім здароўем».
Папа Францішак заклікаў не губляць хрысціянскай радасці нават у цяжкіх сітуацыях і нагадаў пра прыклад мучанікаў, якія ішлі на смерць «як на вяселле». Хрысціянская радасць, на думку Папы — у захаванні спакою і любові, якія паходзяць ад Святога Духа. Паводле Яго, пра Трэцюю Асобу Найсвяцейшай Тройцы сучасныя хрысціяне вельмі часта забываюцца. Трэба захоўваць прысутнасць Святога Духа ў нас, каб Ён вучыў любіць, напаўняў радасцю і даваў супакой, лічыць Пантыфік. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|