Святы Айцец прыбыў у Палестыну | Друк |
Святы Айцец
25.05.2014 15:06

Другі дзень апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Святую Зямлю пачаўся развітаннем з Іарданіяй і пералётам у суседнюю Палестыну. Па прыбыцці на тэрыторыю Палестыны Пантыфіка сустрэў Прэзідэнт краіны Махмуд Абас.

Цырымонія прывітання Папы адбылася ў Прэзідэнцкім палацы ў Бэтлееме. Пасля яе Святы Айцец правёў кароткую сустрэчу з палестынскім лідарам; у ёй таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў з Заходняга берагу ракі Ярдан і Сектара Газа.

Святы Айцец звярнуўся з прамовай да прадстаўнікоў палестынскіх уладаў і членаў дыпламатычнага корпусу. Папа заўважыў, што канфлікт на Блізкім Усходзе на працягу дзесяцігоддзяў наносіць шматлікія раны, нестабільная сітуацыя і непаразуменне паміж бакамі прыводзяць да небяспекі, парушэння правоў, ізаляцыі і міграцыі цэлых супольнасцяў, пакутаў рознага кшталту. Зараз настаў час пакласці канец гэтай сітуацыі, якая становіцца ўсё больш і больш непрымальнай, адзначыў Святы Айцец і дадаў, што гэта неабходна зрабіць дзеля агульнага дабра.

Папа заклікаў падвоіць намаганні па вяртанні трывалага міру, які базуецца на прызнанні правоў кожнай асобы і ўзаемнай бяспецы. “Адвага міру” грунтуецца на прызнанні з боку ўсіх права абедзвюх дзяржаў на існаванне і клопат аб спакоі і бяспецы ў рамках межаў, прызнаных міжнароднай супольнасцю, адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў мясцовыя хрысціянскія супольнасці рабіць унёсак у супольнае дабро палестынскага грамадства ў якасці паўнапраўных грамадзян краіны. Папа заўважыў, што нядаўняя сустрэча ў Ватыкане з палестынскім лідарам і цяперашні візіт у Святую Зямлю сведчаць пра добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Палестына, пажадаў, каб яны ўмацоўваліся, і адзначыў важнасць заключэння дыпламатычнага пагадення паміж бакамі, у якім павінна звяртацца ўвага на каштоўнасць прынцыпу рэлігійнай свабоды – адной з неад’емных умоў для міру, братэрства і гармоніі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by