25 мая ў памяшканні Апостальскай дэлегатуры ў Іерусаліме адбылася прыватная сустрэча паміж Папам Францішкам і Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем. Яе вынікам стала падпісанне сумеснай дэкларацыі.
У дэкларацыі, якая складаецца з дзесяці пунктаў, гаворыцца, што сустрэча паміж “біскупамі Цэркваў Рыма і Канстанцінопаля” з’яўляецца “крыніцай глыбокай духоўнай радасці” і плёнам Божага Провіду. Папа і Патрыярх “з нецярпеннем чакаюць таго дня”, калі дзве Царквы будуць “сумесна ўдзельнічаць у Эўхарыстычнай Вячэры”, а гэта можна дасягнуць “праз вызнаванне адзінай веры, пастаянную малітву, унутранае навяртанне, абнаўленне жыцця і братэрскі дыялог”. Мэтай тэалагічнай складаючай дыялогу не павінен быць пошук нейкага кампрамісу, але паглыбленне разумення ўсёй праўды , якую Хрыстус даў свайму Касцёлу.
У дэкларацыі гаворыцца, што дзве Царквы “абавязаны даць агульнае сведчанне Божай любові да ўсіх людзей”, працуючы разам “у абароне годнасці чалавечай асобы на кожным этапе яе жыцця і святасці сям’і, заснаванай на сужэнстве”. Трэба сумесна вырашаць пытанні голаду, беднасці, непісьменнасці, несправядлівага размеркавання рэсурсаў, неадказных адносін да планеты.
Адзіныя намаганні хрысціян патрэбныя таксама, як адзначаецца, і ў абароне “публічнага вызнавання сваёй веры”. “У гэтым святым горадзе Іерусаліме мы выказваем нашу глыбокую заклапочанасць агульнай сітуацыяй хрысціян у краінах Блізкага Усходу і іх правам заставацца паўнапраўнымі грамадзянамі на сваіх радзімах”, - адзначылі Папа Францішак і Патрыярх Барталамей. Яны выказалі перакананне, што “праз агульнае сведчанне Добрай Навіны Евангелля” дзве Царквы разам “могуць быць у стане дапамагчы людзям нашага часу, нанова адкрыць для сябе шлях, які вядзе да ісціны, справядлівасці і міру”.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|