Папа наведаў іерусалімскі мемарыял Халакоста «Яд ва-Шэм» | Друк |
Святы Айцец
26.05.2014 12:32

У межах пілігрымкі ў Святую Зямлю Папа Францішак наведаў іерусалімскі мемарыял Халакоста “Яд ва-Шэм”. У сваёй прамове Пантыфік падкрэсліў разбуральную рэчаіснасць звернутага супраць чалавека зла, якое заўсёды знаходзіцца ў кантрасце з годнасцю чалавечай асобы, створанай Богам на Яго вобраз і падабенства.

Па словах Папы, іерусалімскі мемарыял – гэта напамін пра тое, да чаго можа прывесці ідалапаклонства і адмова ад Бога.

Разважанне Пантыфіка ў вялікай частцы складалася з пытанняў, якія можна знайсці на старонках Старога Запавету і аўтарам якіх быў Бог, а адрасатам чалавек: “Хто ты, чалавек? (...) Да якіх зверстваў ты быў здольны? Што прымусіла цябе так нізка ўпасці? (...) Хто цябе заразіў ганарыстасцю гаспадара дабра і зла? Хто пераканаў цябе, што ты бог?” “Ты не толькі катаваў і забіваў сваіх братоў, але паклаў іх у ахвяру для самога сябе, таму што абвясціў сябе богам”, - з горыччу прамовіў Пантыфік.

Папа закончыў сваю прамову-разважанне заклікам да Бога: “Памятай аб нас у сваёй міласэрнасці. Дай нам ласку саромецца таго, што як людзі мы ў стане зрабіць, саромецца крайняга ідалапаклонства, пагарды і знішчэння нашага цела”.

Перад візітам у “Яд ва-шэм” Святы Айцец наведаў “Сцяну Плачу”, адзіную, якая захавалася ад Ерузалемскай святыні, і змясціў у ёй канверт са словамі малітвы, у якой словамі 122-га псальму просіць “Бога Абрагама, Ісаака і Якуба” аб спакоі для Іерусаліма.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by