Папа наведаў Прэзідэнцкі палац у Іерусаліме | Друк |
Святы Айцец
26.05.2014 21:28

26 мая Папа Францішак наведаў Прэзідэнцкі палац у Іерусаліме, дзе разам з ізраільскім лідарам пасадзіў аліўнае дрэва – сімвал міру. Пантыфік падзякаваў Прэзідэнту Ізраіля Шымону Перэсу за яго намаганні на карысць міру.

Звяртаючыся да сабраных, Папа адзначыў важнасць Іерусаліма для вызнаўцаў трох монатэістычных рэлігій – юдаізму, хрысціянства і ісламу. Мясцовыя святыні не павінны стаць музеямі або помнікамі для турыстаў, але месцамі, дзе супольнасці могуць жыць сваёй верай, культурай і дабрачыннасцю, адзначыў Пантыфік і заклікаў захаваць іх сакральнасць, клапоцячыся такім чынам не толькі пра мінулае, але і пра людзей, якія наведваюць гэтыя святыя месцы, пра турыстаў, пілігрымаў і мясцовых жыхароў, якія павінны мець магчымасць свабоднага ўваходу ў іх і ўдзелу ў набажэнствах.

Папа нагадаў, што і юдэі, і хрысціяне, і мусульмане шануюць годнасць чалавечай асобы, вераць, што чалавек створаны Богам і прызначаны для вечнага жыцця, і ў сувязі з гэтым заклікаў змагацца з насіллем і тэрарызмам, дыскрымінацыяй на расавай ці рэлігійнай глебе, імкненнем навязаць свой пункт гледжання іншым, антысемізмам, неталерантнасцю ў адносінах да людзей і зневажаннем культавых месцаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў Ізраілі жывуць і працуюць многія хрысціянскія супольнасці, і яны, як неад’емная частка ізраільскага грамадства, жадаюць рабіць свой унёсак на карысць супольнага дабра краны, прымірэння і згоды.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by