Святы Айцец наведае Шры-Ланку і Філіпіны | Друк |
Святы Айцец
27.05.2014 11:59

Папа Францішак абвясціў пра свае два бліжэйшыя замежныя падарожжы. 26 мая на борце самалёта падчас зваротнага шляху з Ізраіля ў Рым Святы Айцец паведаміў журналістам, што ў дадатак да ўжо абвешчанага візіту ў Паўднёвую Карэю, якая адбудзецца ў жніўні 2014 г., запланавана яго двухдзённая паездка ў Шры-Ланку і на Філіпіны, якая пройдзе ў студзені 2015 г.

На Філіпінах Папа наведае раёны, пацярпелыя ад тайфуну Хаян, які прайшоў праз краіну ў пачатку лістапада 2013 г. і забраў больш за 5 тысяч жыццяў. Аб тым, што Пантыфік можа наведаць раёны, пацярпелыя ад тайфуну, гаварыў у студзені 2014 г. Мітрапаліт Пала арцыбіскуп Джон Ду пасля сустрэчы са старшынёй Папскай рады „Cor Unum” кардыналам Рабэрам Сара, які знаходзіўся з візітам на Філіпінах.

Візіт Папы ў Шры-Ланку будзе спрыяць нацыянальнаму прымірэнню пасля канфлікту паміж таміламі і сінгаламі, які працягваўся з 1983 па 2009 гг. Таксама мясцовы Касцёл мае надзею на кананізацыю бл. Джозэфа Ваза, які быў беатыфікаваны св. Янам Паўлам II падчас яго візіту ў Шры-Ланку ў 1995 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by