На зваротным шляху ў Рым пасля пілігрымкі ў Святую Зямлю, што праходзіла з 24 па 26 мая, Папа Францішак паразмаўляў у самалёце з журналістамі. У ходзе размовы прагучалі розныя, часам вельмі вострыя, пытанні.
Сярод іншых было пытанне пра магчымасць зыходу Папы ў адстаўку. “Зраблю ўсё, што Пан Бог скажа мне зрабіць”, - адказаў Святы Айцец, дадаўшы, што Божую волю трэба шукаць у малітве. “Бэнэдыкт XVI ужо больш не меў сіл, і шчыра, як чалавек веры і сціпласці, прыняў такое рашэнне. Шэсцьдзесят гадоў таму не было нават біскупаў-пенсіянераў. Што будзе адбывацца з Папамі-пенсіянерамі? Мы павінны глядзець на Бэнэдыкта XVI як на інстытут – ён адчыніў дзверы для Пантыфікаў-пенсіянераў. Дзверы адчынены, але толькі Бог ведае, будуць іншыя ці не”, - патлумачыў Папа. Па словах Пантыфіка, “Біскуп Рыма, які адчувае, што траціць сілы, павінен задаваць сабе тыя ж пытанні, што і Бэнэдыкт XVI”.
Супрацоўнікі СМІ запыталіся пра будучыню цэлібату ў Рыма-каталіцкім Касцёле. “Цэлібат – гэта не дагмат веры, але правіла жыцця”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец дадаў, што асабіста вельмі цэніць цэлібат і лічыць, што ён з’яўляецца “дарам для Касцёла”, аднак, паколькі ён не з’яўляецца дагматам веры, “дзверы заўсёды адчынены”. Папа нагадаў, што ў Каталіцкім Касцёле ёсць жанатыя святары – ва ўсходніх абрадах.
Прагучала пытанне аб сексуальных злоўжываннях святароў адносна непаўналетніх. Пантыфік паведаміў, што ў пачатку чэрвеня сустрэнецца з групай ахвяр педафіліі святароў і будзе цэлебраваць для іх Эўхарыстыю ў капліцы Дома св. Марты. Папа дадаў, што ў дадзены момант вядзецца расследаванне адносна трох біскупаў, абвінавачаных у педафіліі; адзін з іх ужо асуджаны, але яшчэ не прынята рашэнне адносна пакарання.
Святы Айцец падкрэсліў, што ў тэме злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх “не будзе прывілеяваных”, адносна ўсіх будзе прымяняцца прынцып “нуль цярпімасці”. “Святар, які здзяйсняе злоўжыванне, здраджвае целу Пана – Касцёлу. Святар павінен весці хлопчыка або дзяўчынку да святасці. Дзіця давярае яму. І замест таго, каб прывесці да святасці, ён выкарыстоўвае іх. Гэта вельмі сур’ёзна. Гэта як адправіць “чорную імшу”! Замест таго, каб прывесці дзіця да святасці, ён вядзе яго да праблемы, якая будзе доўжыцца ўсё жыццё”, - растлумачыў сваю пазіцыю Папа. Пантыфік адказаў таксама на пытанні, якія мелі палітычны кантэкст. Папа падкрэсліў, што ініцыяваная ім сустрэча ў Ватыкане паміж прэзідэнтамі Ізраіля і Палестыны будзе выключна малітоўнай, гэта не будуць якіясьці перамовы: “Мы сустрэнемся толькі для таго, каб маліцца. Я думаю, што малітва будзе важнай і карыснай. Пасля ўсе вернуцца дадому”. Пантыфік дадаў, што разам з ім на малітоўнай сустрэчы будуць прысутнічаць рабін і імам. Папа асабіста папрасіў айца Пьербацісту Піцабала, кусташа Святой Зямлі, заняцца арганізацыяй практычнага боку сустрэчы. Пантыфік сказаў, што ён хацеў арганізаваць гэтую сустрэчу падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю, але гэтаму перашкодзілі лагістычныя праблемы.
Закранаючы еўрапейскую тэматыку, Папа прызнаўся, што яшчэ “няшмат разумее” з праблем Еўропы, але сур’ёзным выклікам назваў беспрацоўе. “Мы знаходзімся ў глабальнай эканамічнай сістэме, у цэнтры якой пастаўлены грошы, а не чалавечая асоба. Для падтрымання сябе гэтая сістэма выкідвае. Выкідвае дзяцей – нараджальнасць невялікая (...). Яна выкідвае пажылых людзей, у тым ліку і праз схаваную эўтаназію, калі лекі даюцца толькі да вызначанага моманту. Яна выкідвае моладзь”, - сказаў Папа, нагадаўшы, што ў Італіі беспрацоўе сярод гэтай групы дасягае 40%, у Іспаніі – 50%, а ў Андалусіі – 60%. Гэта цэлае пакаленне людзей, якія не вучацца і не працуюць, падкрэсліў Пантыфік, звярнуўшы ўвагу, што гэтая культура, якая выкідвае людзей, з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Святы Айцец адзначыў таксама, што тэматыка кастрычніцкага Сіноду Біскупаў не будзе абмежавана выключна да пытання прыняцця Камуніі католікамі, якія пасля разводу ўступілі ў новыя саюзы: Сінод будзе прысвечаны сям’і ва ўсім багацці яе цяперашняй сітуацыі. Папа дадаў, што ў Касцёле ёсць глыбокае ўсведамленне таго, што крызіс сям’і носіць глабальны характар, што маладыя людзі не хочуць заключаць сакрамэнт сужэнства, жывуць разам без яго; адзначыў складанасці душпастырскай апекі сем’яў і неабходнасць вывучэння кожнага выпадку індывідуальна.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|