У Калабрыі Папа сустрэнецца са зняволенымі, беднымі і невылечна хворымі | Друк |
Святы Айцец
31.05.2014 20:40

Падчас візіту ў дыяцэзію Касана-ала-Ёніё ў Калабрыі, які адбудзецца 21 чэрвеня, Папа Францішак сустрэнецца са зняволенымі, невылечна хворымі, беднымі, пажылымі, моладдзю, святарамі і семінарыстамі. Першым пунктам падарожжа Пантыфіка будзе мясцовая турма, куды Папа прыбудзе на верталёце непасрэдна з Ватыкана.

Затым, пасля цырымоніі прывітання на гарадскім стадыёне, Святы Айцец накіруецца ў палеатыўны цэнтр, дзе знаходзяцца пацыенты з невылечнымі хваробамі.

Сустрэча з мясцовым духавенствам пройдзе ў катэдральным касцёле Касана. У мясцовай семінарыі Пантыфік паабедае з беднымі і маладымі пацыентамі цэнтра лячэння ад нарказалежнасці, а затым наведае дом састарэлых.

Кульмінацыяй візіту стане Імша на ўзбярэжжы Іанічнага мора, у мястэчку Сібары.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by