Пантыфік не хоча, каб хрысціяне бралі Касцёл «у арэнду» | Друк |
Святы Айцец
05.06.2014 16:39

Касцёл «не здранцвелы» – Касцёл «свабодны». Гэта падкрэсліў 5 чэрвеня Святы Айцец. У сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ён звярнуў увагу на тры групы людзей, якія прэтэндуюць, каб называцца хрысціянамі: прыхільнікі «аднастайнасці», «альтэрнатывы» і «перавагі». Для іх, адзначыў Папа, Касцёл не з’яўляецца домам, яны выкарыстоўваюць яго ў якасці «арэнды».

Першых ён назваў асобамі здранцвелымі. Яны не жывуць у свабодзе, якую дае Святы Дух, цалкам пераблытаўшы Евангелле з асабістай дактрынай. Езус ніколі не хацеў, каб яго Касцёл быў жорсткім, падкрэсліў Папа Францішак. Другая група складаецца з тых, хто пастаянна рэалізуе свае ўласныя ідэі. Яны не ўспрымаюць меркавання Касцёла, заўсёды маюць сваю альтэрнатыўную ідэю. Трэцяя група, паводле Папы, гэта тыя, хто «шукае перавагі», яны прыходзяць у Касцёл дзеля асабістай выгады, і ў канчатковым выніку выкарыстоўваюць яго. Пантыфік назваў такіх хрысціян «прадпрымальнікамі».


У Касцёле «існуе шмат харызматаў, ёсць вялікая разнастайнасць асоб і дароў Святога Духа», адзначыў Пантыфік. Для кожнага ў яго непаўторнасці ён з’яўляецца домам і маці. У гэтым заключаецца «адзінства ў разнастайнасці, свабода, высакароднасць», у аснове якіх стаіць Святы Дух. «Мы розныя, мы не аднолькавыя, і дзякуй Богу», — сказаў Папа, у адваротным выпадку «было б пекла». Паслухмянасць Святому Духу, дадаў ён, гэта цнота, якая выратуе хрысціян ад выключнага імкнення да аднастайнасці, навязлівага пошуку альтэрнатывы і рэалізацыі перавагі над іншымі. Менавіта гэта паслухмянасць дазволіць кожнаму лічыць Касцёл сваім сапраўдным домам.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 
© 2003-2025 Catholic.by