Папа ў пасланні да Чэмпіянату свету па футболе: Спорт – гэта школа міру | Друк |
Святы Айцец
12.06.2014 13:13

Індывідуаліст у футболе стварае пагрозу для поспеху ўсёй каманды, а індывідуаліст у жыцці, які ігнаруе іншых, кідае цень на ўсё грамадства, - на гэта звярнуў увагу Папа Францішак у відэапасланні да адкрыцця Чэмпіянату свету па футболе, які 12 чэрвеня пачынаецца ў Бразіліі.

Пантыфік выказаў перакананне, што турнір можа стаць сапраўдным святам салідарнасці паміж народамі. Футбольныя матчы, апрача спартыўнай карысці, могуць быць нагодай для дыялогу, паразумення і ўзаемнага чалавечага ўзбагачэння, лічыць Папа. Па словах Святога Айца, “спорт - гэта не толькі адна з форм забавы”, але, перш за ўсё, прылада для перадачы каштоўнасцяў, якія прыносяць карысць чалавеку і дапамагаюць будаваць грамадства больш мірнае і братэрскае.

Паводле Папы, павага да правілаў, настойлівасць, сяброўства, дзяленне, салідарнасць і іншыя спартыўныя каштоўнасці з’яўляюцца важнымі ва ўсіх аспектах чалавечага жыцця, але ў першую чаргу, яны патрэбныя для пашырэння міру. “Спорт – гэта школа міру, ён нас вучыць будаваць мір”, - адзначыў Пантыфік.

Па словах Папы, у жыцці, як і ў спорце, трэба змагацца, трэніравацца, прыкладаць намаганні, каб дасягнуць важных вынікаў, а футбол са сваім прынцыпам “сумленнай гульні” павінен стаць школай “культуры сустрэчы”. Каб перамагчы – трэба, як адзначыў Пантыфік, пераўзысці індывідуалізм, эгаізм, расізм, неталерантнасць, адмовіцца ад выкарыстання іншага чалавека. “У канцы гэтага Чэмпіянату толькі адна каманда зможа ўзняць кубак пераможцы, але калі мы навучымся таму, чаму нас вучыць спорт, – станем пераможцамі ўсе”, -  дадаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by