Папа наведаў беднякоў у рымскім раёне Трастэвэрэ | Друк |
Святы Айцец
16.06.2014 12:14

Нядзельны вечар 15 чэрвеня Папа Францішак правёў сярод беднякоў у рымскім раёне Трастэвэрэ. Сустрэчу арганізавала Супольнасць св. Эгідзія, якая падтрымлівае людзей, што жывуць на перыферыі грамадства.

На плошчы перад базылікай Маці Божай Пантыфіка чакалі 15 тысяч эмігрантаў, бяздомных, цыган, пажылых людзей, інвалідаў, маладых людзей і дзяцей. Папа, ідучы праз плошчу, вітаў і благаслаўляў іх. Затым у базыліцы Маці Божай адбылася яго сустрэча з кіраўніцтвам і членамі Супольнасці св. Эгідзія. У сваёй прамове Папа адзначыў, што ўсё пачынаецца з малітвы, якая дазваляе выходзіць насустрач патрабуючым, бароніць ад спакусы засяродзіцца выключна на сабе і быцця абыякавым да іншых. Пантыфік неаднаразова паўтарыў меркаванне, што адносіны да пажылых людзей і дзяцей з’яўляюцца тэстам “якасці грамадства” і нацыі.

Па словах Папы, сучасная сусветная эканоміка засяроджана на грошах, а не чалавеку, што прыводзіць да адмовы ад дзяцей і пажылых людзей праз аборты і эўтаназію: іх нібыта выкідваюць з грамадства як непатрэбных, як нічога не вырабляючых, а сёння крызіс настолькі вялікі, што выключаецца таксама і моладзь. Як дадаў Пантыфік, “Еўропа стамілася” і “не ведае, што рабіць”, і трэба дапамагчы ёй знайсці свае карані і абнавіцца.

Святы Айцец падкрэсліў, што сацыяльныя змены павінны пачынацца з бедных, якія з’яўляюцца “краевугольным каменем” грамадства. Між тым, па словах Пантыфіка, сёння “спекулятыўная эканоміка” робіць іх яшчэ бяднейшымі і пазбаўляе найважнейшага – дома і працы; ім патрэбна “салідарнасць” – слова, якое сёння многія хацелі б сцерці са слоўніка, але хрысціяне не могуць дазволіць зрабіць гэта.

Сустрэча скончылася кароткім набажэнствам, падчас якога прагучала малітва за вызваленне выкрадзеных святароў у Сірыі, за мір у Святой Зямлі, Іраку, ва Украіне, за бяспеку хрысціян у Нігерыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by