Святы Айцец: той, хто асуджае, будзе пераможаны | Друк |
Святы Айцец
23.06.2014 17:11

Хто асуджае бліжняга — памыляецца, і ў выніку сам будзе асуджаны такім жа чынам, адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 23 чэрвеня.

Пантыфік разважаў над евангельскімі словамі Хрыста: «Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?».Паводле Францішка, гэтыя словы скіраваны не толькі да фарысеяў, але да кожнага чалавека. Хто асуджае бліжняга, спрабуе заняць месца Бога, «адзінага суддзі», лічыць Святы Айцец.

«Хто судзіць — памыляецца, проста таму, што займае месца, якое яму не належыць. Ён не толькі памыляецца, але і падманвае сябе. Ён становіцца настолькі апантаным аб’ектам асуджэння, што гэта шчэпка не дазваляе яму спакойна спаць! «Я хачу выняць шчэпку з воку твайго!». І нават не ўсведамляе, якое бярвяно мае сам. Падманваецца: думае, што бервяном з’яўляецца шчэпка іншага. Не разумеее рэальнасці, фантазёр. Той, хто асуджае, становіцца пераможаным, заканчвае кепска, бо гэтая самая мера будзе ўжыта і да яго. Суддзя, які памыляецца месцам, займаючы месца Бога, – пыхлівы, самадастатковы – ідзе ў накірунку паразы. І ў чым заключаецца параза? У тым, што ён будзе асуджаны той жа мерай, якой судзіў сам», — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што адзіным сапраўдным суддзёй з’яўляецца Езус. Але і Ён ніколі не асуджае перад Айцом. Наадварот — бароніць, а будзе судзіць толькі напрыканцы часоў. Абвінаваўцам жа з’яўляецца сатана, нагадаў Папа.

Такім чынам, хто асуджае бліжняга — наследуе сатану, які заўсёды абвінавачвае людзей перад Айцом. Пантыфік заклікаў прасіць Бога аб ласцы наследвання Хрыста — заступніка і абаронцы. Гэта не значыць, што, убачыўшы хібу іншага, не трэба яе бараніць, але маліцца і заступацца за яго перад Айцом, як рабіў Езус. «Маліцца за Яго, а не асуджаць», — заклікаў Папа Францішак.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by