Папа Францішак да галандскай моладзі: жыць ці марнець? | Друк |
Святы Айцец
02.07.2014 16:57

У запаведзях благаславенстваў вы можаце знайсці «новую, няўзмутненую і насычаную» праграму жыцця, - падкрэсліў Папа Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў Фестывалю галандскай каталіцкай моладзі, які прайшоў у гэтыя дні ў абацтве Марыенкрон ў Ніёкёйцы. Святы Айцец накіраваў асаблівае пасланне з нагоды моладзевага свята, заклікаючы юнакоў і дзяўчат «думаць грандыёзна», прытрымліваючыся прыкладу благаслаўлёнага П'ерджорджо Фрасаці, які не абмяжоўваўся «марненнем».

Гібець, марнець значыць «жыць без веры, без спадчыны, якую трэба абараняць, без бесперапыннай барацьбы за Ісціну»: Папа Францішак спасылаецца на П'ерджорджо Фрасаці, каб заахвоціць маладых галандскіх католікаў стаць «рэвалюцыянерамі» паводле запаведзяў благаславенстваў. Гэтыя запаведзі Езуса,якія знаходзяцца таксама ў цэнтры падрыхтоўкі да наступнага Сусветнага Дня Моладзі ў Кракаве, прапануюць «узор шчасця, супрацьлеглы свецкай логіцы». Тыя, каго Езус называе шчаслівымі, у вачах гэтага свету «бескарысныя няўдачнікі». Свет узносіць «поспех любым коштам, багацце і ўладу», «самасцвярджэнне ў шкоду іншым», а Езус дае зусім іншае азначэнне шчасця, паказваючы «шлях да сапраўднага жыцця і шчасця». Больш за тое, шлях гэты - Сам Езус, і праз Яго жыццё мы бачым, як рэалізуецца кожная з запаведзяў благаславенства.

Езус, піша далей Папа, любіць кожнага з нас бязмежнай любоўю, і Сваю міласэрнасць Ён аб'явіў праз смерць і Уваскрасенне. «Калі мы сузіраем Езуса ў Яго беднасці, у Яго чысціні сэрца і міласэрнасці, мы ўсведамляем прыгажосць нашага хрысціянскага паклікання і не вагаючыся ступаем на шлях да сапраўднага шчасця». «Не бойцеся Хрыста, — заахвочвае моладзь Папа Францішак, цытуючы Бэнэдыкта XVI, - Ён нічога не адбірае і ўсё даруе».

Маладыя людзі, канстатуе Папа, «жадаюць жыць насычана. Я заклікаю вас сур'ёзна ставіцца да словаў Бога. Скажыце «не» эфемернай, павярхоўнай культуры, культуры адкідаў, культуры, якая не лічыць вас моцнымі, якая мяркуе, што вы не здольныя адказаць на вялікія выклікі нашай эпохі. Думайце грандыёзна!» - піша Папа Францішак ў заключэнні паслання да галандскай моладзі.

Паводле Рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2025 Catholic.by