5 ліпеня ў межах візіту ў італьянскі рэгіён Малізэ Папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю на стадыёне ў Кампабаса. “Заклікаю ўсіх вас, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, трываць на сваёй дарозе, застаючыся на служэнні Богу, служачы сваім братам і распаўсюджваючы культуру салідарнасці ва ўсім свеце”, - сказаў Пантыфік падчас Імшы.
Святы Айцец падкрэсліў, што сёння ад Касцёла чакаюць дапамогі “перад тварам сітуацыі матэрыяльнай і духоўнай беднасці, асабліва ва ўмовах беспрацоўя, бедства, якое патрабуе намаганняў і мужнасці з боку ўсіх”. Папа заклікаў садзейнічаць развіццю культуры салідарнасці, якая з’яўляецца следствам сведчання міласэрнасці і служэння Богу. Пантыфік падкрэсліў неабходнасць забеспячэння працай усіх, хто шукае яе, і падпарадкавання любых дзеянняў павазе да чалавечай годнасці. Па словах Папы, Касцёл з’яўляецца народам, які адчувае свабоду, якую дае Бог, і жыве ёй. Гэта ў першую чаргу свабода ад граху, эгаізму, свабода даваць сябе іншым з радасцю.
Святы Айцец адзначыў, што заклік да забеспячэння працай датычыцца, у першую чаргу, устаноў свету прадпрымальніцтва і фінансаў. Папа заклікаў да асаблівага клопату пра годнасць чалавечай асобы, якая заўсёды павінна быць у цэнтры ўсіх планаў і дзеянняў. Іншыя інтарэсы маюць другасны характар. Пантыфік адзначыў, што Касцёл, які служыць Богу, спазнае свабоду. “Гэта тая свабода, якую мы адчуваем праз Божую ласку ў хрысціянскай супольнасці, калі мы служым адзін аднаму, без зайздрасці, партыйнасці, пляткарства. Тады Пан вызваляе нас ад амбіцый і суперніцтва, якія падрываюць адзінства і камунію. Вызваляе нас ад недаверу, смутку, так небяспечнага, таму што вядзе да ўпадку; вызваляе нас ад страху, унутранай пустаты, ізаляцыі, скаргаў, незадаволення”, - сказаў Папа.
Святы Айцец дадаў, што нават у хрысціянскіх супольнасцях існуюць негатыўныя паставы, але Хрыстус вызваляе ад гэтай экзістэнцыяльнай змрочнасці, будучы нашай дапамогай і Збаўцам. Таму вучні Пана, у той час як усё яшчэ слабыя і грэшныя, закліканы жыць сваёй верай радасна і смела, у камуніі з Богам і братамі, каб смела глядзець на нягоды і жыццёвыя цяжкасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|