«Я не пацярплю шкоды, нанесенай кімсьці непаўналетняй асобе»: Папа сустрэўся з ахвярамі сексуальнага злоўжывання духавенства | Друк |
Святы Айцец
07.07.2014 16:09

“Я пакорліва прашу прабачэння”, - сказаў Папа Францішак асобам, якія ў дзяцінстве сталі ахвярамі сексуальнага злоўжывання духавенства. 7 ліпеня 2014 г. яны прынялі ўдзел у ранішняй Імшы, якую Пантыфік цэлебраваў у капліцы Дома св. Марты.

Папа выказаў шкадаванне, “што некаторыя святары і біскупы парушылі нявіннасць непаўналетніх і сваё святарскае пакліканне праз сексуальныя дамаганні”. Гэтыя акты, заявіў Пантыфік, выклікаюць глыбокі сорам. Святы Айцец адзначыў, што такога роду дзеянні прычынілі вялікія эмацыйныя і духоўныя пакуты і нават адчай ахвярам, многія з іх дагэтуль сутыкаюцца з праблемамі ў сямейных адносінах, а некаторыя здзейснілі замах на сваё жыццё. “Смерць гэтых умілаваных дзяцей Божых ляжыць цяжарам на маім сэрцы. Іх сем’ям я перадаю сваё найглыбейшае спачуванне і любоў”, - сказаў Папа.

Пантыфік папрасіў прабачэння таксама “за грахі халатнасці” з боку касцёльнага кіраўніцтва, якое не паставілася адпаведным чынам да гэтай праблемы, што прывяло да далейшых пакут ахвяр злоўжыванняў.

“У служэнні Касцёла няма месца для тых, хто здзяйсняе сексуальны гвалт над непаўналетнімі. Я абавязуюся, што ў любым выпадку не пацярплю шкоды, нанесенай кімсьці непаўналетняй асобе, незалежна ад яго духоўнага статусу. Усе біскупы павінны выконваць сваё пастырскае служэнне з найвялікшай стараннасцю, каб забяспечыць абарону непаўналетніх, і ўсведамляць гэтую фундаментальную адказнасць”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў асоб, якія сталі ахвярамі злоўжыванняў духавенства, да ўваходу ў дынаміку міласэрнасці і праз заступніцтва Маці Божай да прымірэння з усім Божым народам.

Сустрэча Папы з ахвярамі злоўжывання духавенства была вельмі кранальнай, прызнаўся кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі. Святар таксама паведаміў пра пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх пад старшынствам кардынала Шона О’Мэйлі. Кіраўнік Прэс-службы праінфармаваў, што трое мужчын і тры жанчыны з Вялікабрытаніі, Ірландыі і Германіі прыбылі ў Ватыкан 6 ліпеня і спыніліся ў Доме св. Марты. 7 ліпеня раніцай яны ўдзельнічалі ў Імшы, якую ўзначаліў Папа. Пасля Эўхарыстыі Пантыфік сустрэўся з кожным з запрошаных. Імша і асабістыя сустрэчы з Папам зрабілі на іх глыбокае ўражанне, паведаміў а. Ламбардзі, дадаўшы, што Пантыфік прадэманстраваў Касцёлу паставу дыялогу і слухання.

Кажучы пра сустрэчу Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якая прайшла 6 ліпеня, святар адзначыў, што гэты орган зноў збярэцца ў кастрычніку ў Ватыкане. Падчас цяперашняга пасяджэння былі прапанаваны кандыдатуры экспертаў з іншых кантынентаў. Яны будуць прадстаўлены Святому Айцу. Гаворка ішла таксама пра статуты Камісіі і неабходнасці стварэння штаб-кватэры і рабочых груп, якія значна паскораць працу.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by