Пантыфік заклікаў да братэрства ў спорце | Друк |
Святы Айцец
10.07.2014 17:18
Папа Францішак у сваёй малітоўнай інтэнцыі на ліпень ускосна спасылаецца на Чэмпіянат свету па футболе, які завершыцца ў бліжэйшую нядзелю ў Бразіліі. «Спорт заўсёды павінен быць магчымасцю для братэрства і чалавечага росту», - гучыць папская інтэнцыя, скіраваная да ўсіх католікаў. Другая інтэнцыя Папы тычыцца ролі свецкіх у Касцёле і евангелізацыі. Як адзначаецца, трэба маліцца аб тым, каб «Святы Дух падтрымліваў працу свецкіх вернікаў, якія абвяшчаюць Евангелле ў самых бедных краінах».

На футбольны Кубак свету Папа спаслаўся з першага дня яго правядзення. «Я жадаю ўсім цудоўнага футбольнага чэмпіянату, спаборніцтваў у духу сапраўднага братэрства», - напісаў Пантыфік месяц таму ў «твітары». Больш яскрава Папа выказаўся ў сваім відэапасланні, якое паказала бразільскае тэлебачанне. Святы Айцец пажадаў адмовіцца ад эгаізму, расізму і нецярпімасці і нагадаў, што футбол з’яўляецца «школай умацавання культуры, сустрэчы згоды і міру паміж народамі».

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
 
(AYU)
 
© 2003-2025 Catholic.by