Папа ў тэлефонных размовах з Шымонам Перэсам і Махмудам Абасам падзяліўся занепакоенасцю з нагоды канфліктнай сітуацыі | Друк |
Святы Айцец
18.07.2014 16:09

Пасля “сардэчнага закліку” ў мінулую нядзелю да працягу малітвы за мір на Святой Зямлі Папа Францішак 18 ліпеня асабіста патэлефанаваў прэзідэнтам Шымону Перэсу і Махмуду Абасу, каб падзяліцца сваёй вельмі сур’ёзнай занепакоенасцю з нагоды цяперашняй канфліктнай сітуацыі, якая закранула асаблівым чынам сектар Газа.

Гэты канфлікт, адзначыў падчас тэлефонных размоў Пантыфік, правакуе абстаноўку варожасці, нянавісці і пакут сярод двух народаў, што прывяло ўжо да шматлікіх ахвяр і выклікала “надзвычайную гуманітарную сітуацыю”.

Папа запэўніў у сваёй асабістай пастаяннай малітве за мір на Святой Зямлі, якую падтрымлівае ўвесь Касцёл, што ён рабіў ужо падчас сваёй нядаўняй пілігрымкі на Святую Зямлю і з нагоды ватыканскай малітвы за мір 8 чэрвеня 2014 г. Пантыфік нагадаў прэзідэнтам, якіх ён лічыць “людзьмі міру”, пра неабходнасць працягваць маліцца і прыкладаць намаганні, каб усе зацікаўленыя бакі і тыя, хто займаюць палітычныя пасады на мясцовым і міжнародным узроўнях, імкнуліся пакласці канец ваенным дзеянням, садзейнічалі перамір’ю, спакою і паяднанню ў сэрцах удзельнікаў канфлікту.

Папа Францішак за апошнія месяцы неаднаразова прыкладаў намаганні для спынення ізраільска-палесцінскага канфлікту і спрыяў працэсу дыялогу. Важным крокам у гэтым напрамку стала яго пілігрымка на Святую Зямлю, падчас якой адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі ісламу, юдаізму, ізраільскім і палесцінскім палітычным светам. У сваю чаргу, ватыканская малітоўная сустрэча за мір 8 чэрвеня 2014 г. з удзелам Шымона Перэса і Махмуда Абаса стала сапраўдны беспрэцэндэнтнай ініцыятывай. Пантыфік запрасіў палітыкаў далучыцца да яго “ў сардэчнай малітве да Бога за дар міру” і адзначыў, што будаванне міру патрабуе больш намаганняў, чым вядзенне вайны, і тыя, хто знаходзіцца на службе сваіх народаў, абавязаны быць прыладай і творцамі міру, асабліва праз малітву. “Будаваць мір цяжка, але жыць без міру – гэта пастаянная пакута”, - сказаў тады Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by