Папа Францішак цэлебраваў Імшу з удзелам маладых езуітаў з розных краін | Друк |
Святы Айцец
03.08.2014 15:27

2 жніўня 2014 г. Касцёл узгадваў у літургіі, у першы раз у якасці святога, езуіта П’ера Фаўра – аднаго з першых паплечнікаў св. Ігнацыя Лаёлы, місіянера ў Еўропе і аднаго з пачынальнікаў правядзення духоўных практыкаванняў. З гэтай нагоды ўдзельнікамі ранішняй Імшы, якую ўзначаліў Папа Францішак у гэты дзень, сталі маладыя езуіты, навучэнцы семінарый, з розных краін, якія прыбылі на Еўрапейскую фармацыйную сустрэчу ў Рым.

На семінарыстаў вялікае ўражанне зрабіла сустрэча з Папам Францішкам - сваім субратам, яго шчырасць, прастата і відавочная езуіцкая ідэнтычнасць. “Гэта была незвычаная сустрэча, перш за ўсё сустрэча з законным субратам”, - сказаў Ватыканскаму радыё адзін з яе ўдзельнікаў, Лукаш Лявіцкі з Польшчы. Ён прызнаўся, што для яго асабліва важнымі былі словы Святога Айца аб дарозе Езуса, па якой Ён ідзе ў прысутнасці Бога Айца, паказваючы нам, як мы павінны перажываць наш жыццёвы шлях, бо ўсё наша жыццё пранікнута Яго прысутнасцю.

Таксама падчас Імшы Пантыфік падкрэсліў, што тое, чаго мы павінны шукаць, - гэта блізкасць Бога, бо Ён заўсёды побач з намі на нашым шляху, і з нашага боку, каб наблізіцца да Яго, мы можам зрабіць шмат. Перш за ўсё, па словах Папы, Бог чакае нашай малітвы і служэння, і менавіта П’ер Фаўр паказаў яскравы прыклад такой паставы: наблізіўся да Бога праз малітву, служэнне братам і пошук Божай блізкасці, а пазней гэтай мадэллю жыцця святы езуіт мог дзяліцца з іншымі.

Каментарыем да літургічнага ўспаміну св. П’ера Фаўра таксама можа паслужыць папскі “твіт”, змешчаны ў сацыяльнай сетцы 2 жніўня 2014 г. “Калі няма праслаўлення Бога, ёсць пакланенне нечаму іншаму. Грошы і ўлада – гэта ідалы, якія часта займаюць месца Бога”, - напісаў Пантыфік.

П’ер Фаўр нарадзіўся 13 красавіка 1506 г. у вёсцы Віларэ ў Савоі, дзе вырас, пасвячы бацькавых авечак. З 1525 г. вучыўся ў Парыжы і там дзяліў дах з Францішкам Ксаверыем і Ігнацыем Лаёлай, стаўшы адным з першых яго паслядоўнікаў. 30 мая 1534 г. прыняў пасвячэнне і стаў першым святаром Таварыства Езуса. Па распараджэнні Папы аб’язджаў асноўныя краіны Еўропы і паўсюль з вялікім поспехам ажыццяўляў місію каталіцкага адраджэння. Памёр у Рыме 1 жніўня 1546 г. на руках у св. Ігнацыя. У 1872 г. Папа Пій IX залічыў яго да ліку благаслаўлёных, а кананізаваны ён быў 17 снежня 2013 г. Папам Францішкам.

П’ер Фаўр быў першым і бліжэйшым таварышам св. Ігнацыя Лаёлы і блізкім сябрам св. Францішка Ксаверыя. Ён пражыў усяго 40 гадоў (1506-1546), але жыццё яго было вельмі разнастайным: ён пабываў у самых розных краінах, трапляючы ў самыя складаныя сітуацыі. Усё гэта ён рабіў дзеля абвяшчэння Евангелля.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by