Маліцца за мір і не баяцца бараніць хрысціянскія каштоўнасці заклікаў Папа Францішак удзельнікаў агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы “Еўраджэм”, якая 3-10 жніўня 2014 г. праходзіць у французскай Нармандыі. У форуме прымаюць удзел каля 12 тыс. юнакоў і дзяўчат з амаль 20 краін Еўропы, у тым ліку з Беларусі. У беларускую дэлегацыю ўваходзяць скаўты з Барысава, Гомеля,
Гродна, Івянца, Лынтупаў, Паставаў.
Сёлетні форум прымеркаваны да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны і 70-годдзя
гістарычнай высадкі саюзніцкіх войскаў на паўночным беразе Францыі. Агульнаеўрапейская скаўцкая сустрэча “Еўраджэм” праходзіць раз на дзесяць гадоў. “Каб пазнаць Езуса, неабходна выйсці ў шлях і, ідучы, адкрыць для сябе, што Бога можна сустрэць рознымі спосабамі: праз прыгажосць Яго стварэння, праз любоў, якая ўваходзіць у нашу гісторыю, братэрскія адносіны і служэнне на карысць бліжняга”, - напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы. Святы Айцец заклікаў еўрапейскіх скаўтаў чэрпаць сілы з сакрамэнтаў і давяраць Божай любові, якая пазбаўляе ад усіх страхаў.
Успамін аб 100-годдзі з пачатку Першай сусветнай вайны, па словах Пантыфіка, з’яўляецца нагодай для малітвы аб адзінай і мірнай Еўропе. У жыцці кантынента, адзначыў Святы Айцец, хрысціянская моладзь павінна адыграваць важную ролю. “Вы з’яўляецеся сапраўднымі акцёрамі у гэтым свеце, а не проста гледачамі”, - падкрэсліў Папа і заклікаў мужна адказваць на выклікі, звязаныя з абаронай хрысціянскіх каштоўнасцяў, у першую чаргу ў сферы клопату аб чалавечым жыцці і годнасці, барацьбы з беднасцю. Заўсёды, калі шлях будзе станавіцца складаным, вам дапамогуць любоў і падтрымка Касцёла, паабяцаў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|