Папа звярнуўся з заклікам пакласці канец драме ў Іраку | Друк |
Святы Айцец
07.08.2014 15:45

Папа Францішак звярнуўся да міжнароднай супольнасці і сумленняў усіх з заклікам пакласці канец “трываючай гуманітарнай драме” ў Іраку, абараніць тых, каго пераследуюць, і дапамагчы тым, хто застаўся без даху над галавой. “Іх лёс залежыць ад салідарнасці іншых”, - падкрэсліў Пантыфік.

Зварот Святога Айца агучыў 7 жніўня 2014 г. кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі. У звароце адзначаецца, што ў выніку супрацьстаяння асабліва церпяць хрысціянскія супольнасці, якія вымушаны пакідаць свае дамы, ратуючыся ад насілля, ахапіўшага рэгіён. Пантыфік з заклапочанасцю сочыць за навінамі, якія прыходзяць з Ірака, выказвае сваю духоўную блізкасць ахвярам драматычнага канфлікту і далучаецца да закліку мясцовых біскупаў да малітвы ўсяго Касцёла аб дары міру, гаворыцца ў звароце.

“Нашых братоў пераследуюць, выганяюць прэч, прымушаюць пакідаць дамы без магчымасці ўзяць што-небудзь з сабой. Гэтым сем’ям і асобам я жадаю выказаць маю блізкасць і запэўніць у пастаяннай малітве. Найдаражэйшыя браты і сёстры, так шмат пераследаваныя, я ведаю, колькі вы пакутуеце, і ведаю, што вы пазбаўлены ўсяго. Я з вамі ў веры ў Таго, хто перамог зло!” - нагадаў словы Папы, прамоўленыя 20 ліпеня 2014 г., а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by