Папа звярнуўся з відэапасланнем перад сваім візітам у Паўднёвую Карэю | Друк |
Святы Айцец
11.08.2014 16:01

“Моладзь з’яўляецца носьбітам надзеі і сілы для будучыні; але ў той жа час ахвярай маральнага і духоўнага крызісу нашага часу. Таму хачу абвяшчаць ёй і ўсім адзінае імя, дзякуючы якому можам быць збаўлены: Езуса, Пана”, - з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся ў відэапасланні з нагоды апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю, якое адбудзецца 13-18 жніўня 2014 г. Відэапасланне было паказана па мясцовым тэлебачанні “KBS” і затым распаўсюджана іншымі карэйскімі СМІ.

Святы Айцец заклікаў маліцца, каб яго візіт прынёс добрыя плёны як для Касцёла, так і для ўсяго карэйскага грамадства. “Устань, заясней!” (Іс 60, 1): з гэтымі словамі, якімі прарок звяртаўся да Ерузалема, я звяртаюся да вас. Гэта Пан запрашае вас прыняць Яго святло, прыняць яго ў сэрца, каб адлюстроўваць у жыцці, поўным веры, надзеі і любові, поўным радасці Евангелля”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што галоўнай мэтай яго візіту з’яўляецца ўдзел у VI Днях азіяцкай моладзі. “Да моладзі, асаблівым чынам, я прынясу заклік Пана: “Моладзь Азіі, уздыміся! Хвала мучанікаў няхай заззяе над табой”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што 16 жніўня ўзначаліць беатыфікацыю 124 карэйскіх мучанікаў за веру.

“Дарагія карэйскія браты і сёстры, вера ў Хрыста глыбока ўкаранілася ў вашай зямлі і прынесла шматлікія плёны. Пажылыя людзі з’яўляюцца абаронцам гэтай спадчыны: без іх моладзь была б пазбаўлена памяці. Сустрэча паміж пажылымі і моладдзю – гэта гарантыя шляху народу. Касцёл – гэта вялікая сям’я, у якой мы ўсе з’яўляемся братамі ў Хрысце. У Яго імя я прыходжу, каб з радасцю раздзяліць з вамі Евангелле любові і надзеі”, - сказаў Святы Айцец.

Візіт Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю стане першым падарожжам Рымскага Пантыфіка ў Азію, пасля 1999 г., калі Ян Павел ІІ наведваў Індыю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by