Дзяржаўны сакратар Яго Святасці пра фактары, якімі абумоўлена важнасць візіту Папы ў Паўднёвую Карэю | Друк |
Святы Айцец
13.08.2014 14:12

Як паведаміў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Пьетро Паралін, важнасць візіту Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю, які адбудзецца 13-18 жніўня 2014 г., абумоўлена трыма фактарамі. Першы заключаецца ў тым, што Святы Айцец накіроўваецца ў частку свету, якая набывае ўсё большае значэнне ў сусветнай палітыцы і эканоміцы.

Другі фактар звязаны з тым, што Папа звернецца да ўсяго кантынента, а нагодай для гэтага стане яго ўдзел у VI Днях азіяцкай моладзі. Нарэшце, трэці важны аспект падарожжа Святога Айца звязаны з будучыняй Азіі. “Моладзь прадстаўляе будучыню, і такім чынам Папа звернецца да будучыні гэтага кантынента, будучыні Азіі”, - сказаў кардынал Пьетро Паралін.

Іерарх адзначыў, што Папа закліча азіяцкую каталіцкую моладзь станавіцца галоўнымі героямі ў жыцці мясцовага Касцёла і грамадства, ад якіх чакаецца жывы і актыўны удзел, супрацоўніцтва і адказнасць. “Касцёл патрабуе моладзі – пра гэта нагадваў св. Ян Павел ІІ і працягвае нагадваць Папа Францішак”, - сказаў кардынал.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што падчас візіту будуць беатыфікаваны 124 карэйскія мучанікі. “Я думаю, будзе падкрэслены той факт, што сярод гэтай групы ёсць толькі адзін святар, у той час як усе астатнія – свецкія вернікі, розных прафесій: ад самых сціплых да высокіх у сацыяльнай лесвіцы. Гэта адна з характарыстык Касцёла ў Карэі – Касцёла, які нарадзіўся дзякуючы сведчанню і дзейнасці свецкіх вернікаў, здольных захоўваць і перадаваць веру. Я думаю, што гэта фундаментальнае пасланне – у Касцёле мы ўсе пакліканы саўдзельнічаць у місіі абвяшчэння Евангелля і пакліканы да святасці, якую можна дэманстраваць праз розныя формы, але якая павінна характарызаваць кожны від дзейнасці хрысціяніна”, - сказаў кардынал.

Іерарх дадаў, што візіт Святога Айца завершыцца Эўхарыстыяй ў інтэнцыі супакою і прымірэння, і выказаў упэўненасць, што падарожжа Папы паспрыяе дыялогу на карэйскім паўвостраве і мірнаму вырашэнню існуючых праблем.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by