Папа звярнуўся да ААН з заклікам паспрыяць спыненню насілля ў Іраку | Друк |
Святы Айцец
13.08.2014 17:06

“З абцяжараным і ўсхваляваным сэрцам” назіраючы за апошнімі падзеямі на поўначы Ірака, “дзе хрысціяне і іншыя рэлігійныя меншасці былі вымушаны ўцякаць са сваіх дамоў і бачыць разбурэнне сваіх месцаў культу і рэлігійнай спадчыны”, Папа Францішак 13 жніўня 2014 г. звярнуўся ў спецыяльным пасланні да Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна з заклікам зрабіць усё магчымае, каб спыніць насілле ў гэтай краіне.

Святы Айцец нагадаў, што накіраваў у Ірак былога Апостальскага Нунцыя ў гэтай краіне, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў кардынала Фернандо Філоні, каб выказаць мясцоваму насельніцтву блізкасць і заклапочанасць – сваю асабістую і ўсяго Каталіцкага Касцёла – “пакутамі тых, хто жадае толькі жыць у міры, гармоніі і свабодзе на зямлі сваіх продкаў”.

“З гэтым самым духам пішу да Вас, спадар Генеральны сакратар, і кладу перад вамі слёзы, боль і вокліч адчаю хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў умілаванай зямлі Ірака. Абнаўляючы мой тэрміновы зварот да міжнароднай супольнасці аб умяшанні дзеля заканчэння трываючай гуманітарнай трагедыі, заклікаю ўсе кампетэнтныя органы ААН, асабліва адказныя за бяспеку, мір, гуманітарнае права і дапамогу бежанцам, працягваць прыкладаць намаганні згодна з Прэамбулай і адпаведнымі артыкуламі Хартыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, - напісаў Папа.

Па словах Пантыфіка, сітуацыя на поўначы Ірака не можа не абудзіць сумленні ўсіх людзей добрай волі на канкрэтную салідарнасць, каб абараніць тых, хто пацярпеў ці каму пагражае насілле, і гарантаваць неабходную і тэрміновую дапамогу многім людзям, якія засталіся без даху над галавой, а таксама іх бяспечнае вяртанне ў свае гарады і дамы. Папа заклікаў міжнародную супольнасць, памятаючы пра трагічны досвед ХХІ ст., зрабіць усё магчымае, каб спыніць і не дапускаць падобнага сістэматычнага насілля супраць этнічных і рэлігійных меншасцяў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by