Папа наведаў месца нараджэння першага карэйскага каталіцкага святара і мучаніка | Друк |
Святы Айцец
15.08.2014 23:12

Папа Францішак у межах візіту ў Паўднёвую Карэю наведаў санктуарый Сальмоэ ў Тэджоне – месца нараджэння першага карэйскага каталіцкага святара і мучаніка св. Эндру Кім Дэ Гона. Санктуарый знаходзіцца ў бацькоўскім доме святога.

Будынак быў адрэстаўраваны мясцовай каталіцкай супольнасцю. Штогод туды прыходзяць тысячы карэйцаў, каб успомніць тых, дзякуючы каму атрымалі веру. Пантыфік усклаў на парог дома кветкі і памаліўся ў цішыні.

Святы Эндру Кім Дэ Гон жыў у ХІХ ст. Ён паходзіў з заможнай сям’і, усе члены якой былі католікамі. Яго бацька быў забіты за веру і таксама з’яўляецца святым. Эндру Кім Дэ Гон атрымаў хрост у 15-гадовым узросце. Прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне праз 9 гадоў пасля вучобы ў семінарыі ў Макаа. Прапаведваў хрысціянства ў Карэі, за што быў арыштаваны і прыгаворны да смяротнага пакарання.

Эндру Кім Дэ Гон быў кананізаваны св. Янам Паўлам ІІ у 1984 г. разам з іншымі 103 карэйскімі мучанікамі за веру.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by