Папа Францішак узначаліў у Сеуле Імшу аб супакоі і прымірэнні | Друк |
Святы Айцец
18.08.2014 13:34

18 жніўня 2014 г. падчас апошняга этапу падарожжа ў Паўднёвую Карэю Папа Францішак узначаліў у архікатэдральным касцёле Сеула святую Імшу аб супакоі і прымірэнні. Разам з карэйцамі Пантыфік маліўся аб тым, каб яны ўбачылі адзін у адным членаў адзінай сям’і.

Святы Айцец назваў гэтую цэлебрацыю, “падчас якой просім у Бога аб ласцы супакою і прымірэння”, кульмінацыяй свайго візіту. Па словах Папы, гэтая малітва мае асаблівае рэха на карэйскім паўвостраве, дзе народ перажывае “досвед падзелу і канфлікту, трываючага ўжо больш за 60 гадоў”. Пантыфік падкрэсліў, звяртаючыся да сабраных, што Бог запрашае іх, “як хрысціян і як карэйцаў, з рашучасцю адмовіцца ад ментальнасці, заснаванай на падазронасці, супрацьстаянні і суперніцтве”.

Папа нагадаў, што Езус заклікаў святога Пятра прабачаць “ажно семдзесят сем разоў”, бо прабачэнне – гэта шлях да прымірэння, і дадаў, што калі ў чалавечых вачах яно здаецца “немагчымым і нават адштурхоўваючым, то Езус можа зрабіць яго магчымым і плённым, дзякуючы бясконцай моцы свайго крыжа”. “Крыж Хрыста дэманструе сілу Бога, здольную спыніць любыя падзелы, вылячыць любыя раны і аднавіць натуральныя сувязі братэрскай любові”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец запрасіў карэйскіх хрысціян несці “пераканаўчае сведчанне паслання прымірэння Хрыстовага” ў свае дамы, супольнасці і ва ўсе сферы грамадскага жыцця. “Я веру, што ў духу сяброўства і супрацоўніцтва з іншымі хрысціянамі, вызнаўцамі іншых рэлігій і ўсімі людзьмі добрай волі, якія маюць у сэрцы будучыню карэйскага грамадства, вы будзеце зачынам Божага Валадарства на гэтай зямлі”, - адзначыў Пантыфік.

Папа маліўся аб тым, каб узніклі новыя магчымасці для дыялогу, сустрэчы, перамогі над недаверам, дзеля працяглай шчодрасці ў аказанні гуманітарнай дапамогі, “дзеля ўсё большага прызнання таго факту, што ўсе карэйцы з’яўляюцца братамі і сёстрамі, членамі адзінай сям’і аднаго народа”.

Удзельнікі Эўхарыстыі маліліся таксама за кардынала Фернандо Філоні, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, які ад імя Святога Айца знаходзіцца ў Іраку, а таксама за ўсіх, хто падвяргаецца пераследу ў гэтай краіне і хто быў вымушаны ўцякаць з уласных дамоў.

Пасля Імшы, а затым кароткай цырымоніі развітання ў аэрапорце Сеула Папа вылецеў у Рым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by