Пантыфік: «Падзелы ў хрысціянскіх супольнасцях — цяжкі грэх» | | Друк | |
Святы Айцец |
28.08.2014 11:36 |
![]() «Як цудоўна ўсведамляць, што Пан, перад самай смерцю, не клапаціўся пра сябе, але думаў пра нас! І ў сваім сумным дыялогу з Айцом, маліўся менавіта аб тым, каб мы былі адно з Ім і паміж сабой. Вось: праз гэтыя словы Езус стаў нашым заступнікам прад Айцом, каб мы таксама маглі ўвайсці ў поўнае адзінства любові з Ім; у той жа час, Ён даверыў іх нам, у якасці свайго духоўнага запавету, каб адзінства заўсёды станавілася адметнай рысай нашых хрысціянскіх супольнасцяў і самым цудоўным адказам, калі хто-небудзь спытае аб прычынах надзеі, што ёсць у нас», — сказаў Папа. Заклік Хрыста да адзінства, паводле Папы Францішка, Касцёл імкнуўся споўніць ад самага пачатку свайго існавання. Досвед, аднак паказвае, што здзейсняецца шмат грахоў супраць адзінства: гаворка ідзе, як пра схізмы, так і пра звычайныя «парафіяльныя грахі», да якіх можна аднесці пляткарства. «Часам нашы парафіі, пакліканыя быць месцамі падтрымкі і адзінства, смутна пазначаны зайздрасцю, рэўнасцю і антыпатыяй», — сказаў Святы Айцец. «Так здараецца, калі мы ставім сябе на першае месца; калі ставім у цэнтр сябе, свае асабістыя амбіцыі, сваю манеру глядзець на рэчы, калі асуджаем іншых; калі глядзім на недахопы братоў, а не на іх заслугі; калі надаем больш вагі таму, што раздзяляе, а не таму, што аб’ядноўвае. Аднойчы, у адной з дыяцэзій, у якіх мне даводзілася быць раней, я пачуў цікавы і цудоўны каментар. Гаворка ішла пра пажылую жанчыну, якая ўсё жыццё працавала ў парафіі. Адна асоба, якая яе ведала добра, распавяла: “Гэта жанчына ніколі не казала кепска ні пра каго, ніколі не пляткарыла, заўсёды мела на твары ўсмешку”. Дык жа гэта жанчына можа быць кананізавана ўжо заўтра! Такі вось цудоўны прыклад!», — адзначыў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што перад абліччам падзелаў у хрысціянскіх супольнасцях, кожны вернік павінен правесці сур’ёзны рахунак сумлення: ці не спрыяў гэтым падзелам. «У хрысціянскіх супольнасцях, падзелы — гэта адзін з самых цяжкіх грахоў, таму што робіць іх знакам дзейнасці не Бога, але д’ябла, які па сваім вызначэнні, з’яўляецца тым, хто падзяляе, разбурае адносіны, сее забабоны. Падзелы ў хрысціянскай супольнасці — ці то ў школе, ці ў парафіі, асацыяцыі, паўсюль — гэта цяжкі грэх, бо з’яўляюцца дзейнасцю д’ябла. Бог жа хоча, каб мы ўзрасталі ў здольнасці да адкрытасці, прабачэння, любові, каб станавіліся ўсё больш падобнымі на Яго, які сам — адзінства і любоў. У гэтым заключаецца святасць Касцёла: пазнаваць сябе ў вобразе Божым, напоўным Яго міласэрнасцю і ласкай», — адзначыў Пантыфік. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 27 жніўня Касцёл адзначае ўспамін св. Монікі, маці св. Аўгустына. Ён заклікаў моладзь углядацца ў яе прыклад, каб заўсёды ставіць Бога на першае месца ў жыцці; хворых — каб з верай перажываць пакуты; а маладых сужонкаў — каб выхоўваць дзяцей па-хрысціянску. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|