Пантыфік прывітаў удзельнікаў міжканфесійнага форуму | Друк |
Святы Айцец
04.09.2014 15:54

З нагоды міжканфесійнай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праваслаўнай духоўнасці, якая пачалася 3 верасня ў кляштары экуменічнай супольнасці Бозэ, на поўначы Італіі, Папа Францішак скіраваў сваё прывітанне.

У тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна гаворыцца, што Святы Айцец жадае, каб «дні вучобы і дыялогу маглі паспрыяць усведамленню магчымасці жыцця і сведчання супакою, абвешчанага Хрыстом, праз шчырае братэрства, якое спыніць спрэчкі, пераможа недавер і народзіць надзею».

Сустрэча, арганізаваная экуменічнай супольнасцю Бозэ ў супрацоўніцтве з праваслаўнымі Цэрквамі пройдзе на тэму «Шчаслівыя і мірныя». Удзельнікі канферэнцыі паразважаюць пра абавязак хрысціян, быць пачаткам прымірэння паміж людзьмі ў нашу эпоху.

Прыёр супольнасці Бозэ, брат Энца Б’янкі, адзначыў, што тэма форума была выбрана ў сувязі з сітуацыяй на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Ён выказаў спадзяванне, што ўдзельнікі мерыпрыемства, сярод якіх будуць, у тым ліку дэлегаты Рускай і Украінскай Праваслаўных Цэркваў, змогуць разам абмеркаваць уклад хрысціян на карысць міру.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by