Пантыфік: жыццё без крыжа можа быць добрым, але не будзе хрысціянскім | Друк |
Святы Айцец
26.09.2014 17:12

Хрысціянін не зможа зразумець Хрыста Адкупіцеля без крыжа, без гатоўнасці несці яго разам з Езусам, сказаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 26 верасня.

Мець веру, належаць да Пана — азначае, па словах Папы, падзяліць з Ім цяжар крыжа; у адваротным выпадку гаворка можа ісці толькі пра добры, на першы погляд, шлях, але не сапраўдны. Асновай для гаміліі Святога Айца стаў евангельскі фрагмент, у якім Езус распавёў вучням, «што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат: адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне». Паводле Папы, Езус правёў «сапраўдную катэхезу аб сваёй ідэнтычнасці»: пакуты і крыж — вось шлях Месіі. Святы Айцец нагадаў, што вучні не жадалі прымаць такой праўды, але Хрыстус паступова рыхтаваў іх сэрцы, а таксама сэрцы народа да гэтага; Пан апавядаў пра вялікую любоў Божую і цяжар граху, збаўленне ад якога прыйдзе праз крыж. «Нельга зразумець Езуса Хрыста Адкупіцеля без крыжа (…) Мы можам думаць, што Ён з’яўляецца прарокам, дабрадзеем, святым. Але Хрыста Адкупіцеля без крыжа зразумець немагчыма», — сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, сэрцы людзей сталі адкрывацца на гэтую рэчаіснасць толькі ў Пальмовую нядзелю, а ўжо пасля смерці ідэнтычнасць Хрыста адкрылася цалкам, пра што кажа «першая споведзь» цэнтурыёна.

Езус, як адзначыў Пантыфік, крок за крокам рыхтуе да добрага разумення Сваёй Таямніцы, «рыхтуе да суправаджэння Яго, несучы нашы крыжы на шляху да адкуплення». «Ён рыхтуе нас быць кірынейцамі, каб дапамагалі Яму несці крыж», — сказаў Папа, дадаўшы, што «жыццё без крыжа не з’яўляецца хрысціянскім: яно можа быць духоўным, добрым, але не хрысціянскім».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU),
фота  Элана  Лыскова

 
© 2003-2025 Catholic.by