Стаць шчодрымі сведкамі любові Бога і радасці Евангелля, каб свет усё хутчэй набліжаўся да адзінства – з такім заклікам звярнуўся Папа Францішак да ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Руху факаляраў на аўдыенцыі 26 верасня. У форуме, які праходзіць у Кастэль-Гандольфа, прымаюць удзел каля 500 дэлегатаў са 137 краін свету.
Рух факаляраў, як нагадаў Папа, нарадзіўся з «маленькага семені», якое «дало жыццё дрэву, што працягнула свае галіны ва ўсе выразы хрысціянскай сям’і, а таксама да вызнаўцаў іншых рэлігій і тых, хто ўзрошчвае справядлівасць і салідарнасць, разам з пошукам ісціны».
Папа даў факалярам тры парады: сузіраць, выходзіць у свет і займацца адукацыяй. Сёння, як ніколі раней, па словах Пантыфіка, існуе патрэба ў сузіранні Бога і цудаў Ягонай любові. Але сузіранне павінна весці да братэрскай сустрэчы з іншымі, бо інакш будзе самалюбаваннем. Другі заклік – выходзіць у свет – азначае шчодрае сведчанне любові Бога з павагай і крэатыўнасцю, бо без крэатыўнасці «немагчыма ісці наперад». Каб ісці ў свет, паводле Папы, трэба стаць экспертамі ў мастацтве, якое называецца дыялог. Пантыфік заклікаў ісці да тых людзей, якіх можна назваць «ранамі грамадства», і дадаў, што Касцёл — «палявы шпіталь», задача якога лячыць раны. Трэцяе патрабаванне Святога Айца тычылася адукацыйнай дзейнасці. Без добрага выхавання новых пакаленняў, як адзначыў Папа, немагчыма рэалізаваць сур’ёзны і даўгавечны праект на службе новага чалавецтва.
Цытуючы заснавальніцу руху факаляраў К’яру Любіч, Пантыфік нагадаў пра неабходнасць ствараць «новых людзей» — «людзей з душой, сэрцам, розумам Езуса, здольных пазнаць і інтэрпрэтаваць патрэбы, клопаты і надзеі, якія жывуць у сэрцы кожнага чалавека».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|