Папа: «Містычны досвед св. Тэрэзы Авільскай не адлучыў яе ад свету і турботаў людзей» | Друк |
Святы Айцец
16.10.2014 13:37

Святая Тэрэза Авільская вучыць, што шлях да Бога — гэта шлях да людзей, напісаў Папа Францішак у пасланні да 500-годдзя з дня нараджэння гэтай вялікай іспанскай святой, якое будзе адзначацца ў 2015 г.

«Евангелле — гэта не абцяжарваючая свінцовая сумка, але крыніца радасці, якая напаўняе сэрца Богам і падштурхоўвае служыць людзям», — адзначыў Пантыфік, словы якога перадае беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Як дадаў Папа, духоўнасць св. Тэрэзы Авільскай характарызуецца радасцю ад адкрыцця Божай любові, малітвай, якая дапамагае перамагчы песімізм і нараджае добрыя ініцыятывы, братэрствам і ўдзелам у вырашэнні праблем свету. «Яе містычны досвед не адлучыў яе ад свету, турботаў людзей, але наадварот — даў новы імпульс і адвагу для дзейнасці», — падкрэсліў Пантыфік.

Святая Тэрэза Авільская жыла ў XVI ст. у Іспаніі. Паспрыяла рэфармаванню кармэлітанскага ордэна, заснавала шэраг новых кляштараў, з’яўляецца аўтарам трактатаў аб містыцы і духоўнасці. У 1622 годзе была кананізавана Папам Грыгорыем XV, а ў 1970 г. Папа Павел VI абвясціў яе доктарам Касцёла.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by