«Я быў галодны, і вы накармілі Мяне. Гэтыя словы нашага Пана гавораць аб тым, што мы не павінны адварочвацца і быць абыякавымі, калі ведаем, што наш сусед галадае», — напісаў Папа Францішак у пасланні да ўдзельнікаў ініцыятывы каталіцкага дабрачыннага таварыства «Caritas Internationalis» у абарону галадаючых. Мерапрыемствы праходзяць ва ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня харчавання, які адзначаецца 16 кастрычніка.
У рамках акцыі каталіцкія парафіі ў афрыканскім Джыбуці збіраюць ежу для беспрытульных дзяцей. У Канадзе yдзельнікі кампаніі спрабуюць дапамагчы дробным фермерам прадаваць сваю прадукцыю праз месныя крамы. Аддзяленне дабрачыннага таварыства ў Японіі заклікае людзей ашчадней ставіцца да ежы, не выкідаць яе ў смецце, а таксама збірае грошы на закупку насення для сялян Усходняй Афрыцы. Мерапрыемствы праходзяць таксама ў Францыі, Гандурасе, Калумбіі, Чэхіі, Панаме, Славеніі, Малаві і іншых краінах.
Па даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), ад голаду пакутуе каля 805 мільёнаў чалавек ці кожны дзявяты жыхар планеты. У субсахарыяльнай Афрыцы хранічна галадае кожны чацвёрты, а большасць галадаючых — 526 мільёнаў — жыве ў самым густанаселеным рэгіёне свету — Азіі.
Сусветны дзень харчавання-2014 прысвечаны тэме сямейных фермерскіх гаспадарак і пакліканы прыцягнуць ўвагу сусветнай грамадскасці да іх важнай ролі ў зніжэнні маштабаў голаду і галечы, павышэнні ўзроўню харчовай бяспекі і дабрабыту насельніцтва, ахове навакольнага асяроддзя і дасягненні ўстойлівага развіцця сельскіх раёнаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|