Папа да французскіх семінарыстаў: «Святарскае служэнне не можа быць індывідуальным і тым больш індывідуалістычным» | Друк |
Святы Айцец
10.11.2014 12:43

Жыць у братэрстве, шмат маліцца і станавіцца сапраўднымі місіянерамі — з такім заклікам Папа Францішак звярнуўся да французскіх семінарыстаў, якія 10 лістапада завяршылі двухдзённую пілігрымку ў марыйны санктуарый у Лурдзе.

Гаворачы пра асаблівасці семінарыйнага і святарскага жыцця, Пантыфік у першую чаргу падкрэсліў важнасць братэрскай еднасці. «Святарскае служэнне ні ў якім разе не можа быць індывідуальным і тым больш індывідуалістычным», — напісаў Папа. Жывучы разам у семінарыі, неабходна вучыцца пазнаваць адзін аднаго, цаніць, падтрымліваць і часам цярпець, нагадаў Святы Айцец.

У фундаменце выхавання будучых святароў знаходзіцца Божае слова. У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў семінарыстаў прысвячаць шмат часу на малітву, дзякуючы якой магчыма стаць сапраўднымі «людзьмі Божымі», чаго чакае ад святароў народ.

Гады семінарыйнага жыцця — гэта, па словах Папы, час пераўтварэння ў «пакорных» вучняў, здольных аддаваць перавагу самым маргіналізаваным асобам. Пантыфік адзначыў, што малітва адкрывае на місійную дзейнасць, а місія, «душой якой з’яўляецца любоў», заключаецца ў тым, каб дапамагаць людзям праз сакрамэнты сустрэцца з пяшчотай Хрыста.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by