Папа Францішак распавёў пра «святых паўсядзённасці» | Друк |
Святы Айцец
04.12.2014 14:57

«Ёсць шмат «схаваных» святых: мужчын і жанчын, бацькаў і маці, хворых, святароў, якія практыкуюць штодня любоў Езуса, і гэта дае надзею», — сказаў падчас гаміліі 4 снежня на ранішняй Эўхарыстыі Папа Францішак.

Хрысціянін — гэта той, хто ажыццяўляе Божае слова, а не проста дэкларуе, што ён вернік, адзначыў Пантыфік, звярнуўшы ўвагу на існаванне «ілюзорных хрысціян». Святы Айцец параўнаў іх паставу да макіяжу, які сыходзіць падчас першага ж дажджу. «Не дастаткова належаць да каталіцкай сям’і ці асацыяцыі або быць дабрадзеем, трэба выконваць Божую волю», — падкрэсліў Папа.

Ад «ілюзорных хрысціян», якія часта знаходзяцца навідоку, абсалютна адрозніваюцца «ціхія святыя», заўважыў Папа Францішак. Да іх, па словах Пантыфіка, адносяцца хворыя дзеці, якія ахвяруюць свае пакуты за Касцёл і іншых; пажылыя людзі, што жывуць у адзіноце, молячыся і церпячы; маці і бацькі, якія клапоцяцца пра свае сем’і праз выхаванне дзяцей, паўсядзённую працу, пераадоленне праблем, ускладваючы надзею на Езуса. Пантыфік назваў іх «святымі паўсядзённасці». Такімі Папа Францішак лічыць таксама шматлікіх святароў, якія, не выстаўляючы сябе напаказ, але з вялікай любоўю, працуюць у парафіях.

«Перамогу атрымаюць не пыхлівыя і ілюзорныя хрысціяне, — падкрэсліў Папа, — але ўбогія духам і сціплыя». Пантыфік запрасіў сабраных у капліцы Дома св. Марты падчас падрыхтоўкі да Хрыстовага Нараджэння клапаціцца пра моцны фундамент свайго жыцця, якім з’яўляецца Бог.
 
«Мы ўсе грэшнікі, мы слабыя, але калі ўскладаем надзею на Яго, мы можам ісці наперад. І гэта радасць хрысціяніна — ведаць, што ў Богу ёсць надзея, ёсць прабачэнне, ёсць спакой, ёсць радасць», — сказаў Папа і заклікаў ніколі не ставіць у жыцці на рэчы, якія «сёння ёсць, а заўтра знікнуць».

 
© 2003-2025 Catholic.by