Папа запэўніў хрысціян і ўсіх жыхароў Ірака ў сваёй блізкасці і малітве | Друк |
Святы Айцец
06.12.2014 18:52

Відэапасланне Святога Айца было скіравана ў сувязі з двухдзённым візітам у гэтую краіну арцыбіскупа Ліёна кардынала Філіпа Барбарэна і групы французскіх валанцёраў.

Кардынал Філіп Барбарэн ужо ў другі раз за апошні год наведвае Ірак, каб запэўніць мясцовых вернікаў у салідарнасці Паўсюднага Касцёла і пракантраляваць арганізацыю гуманітарнай дапамогі ахвярам насілля ў краіне.

“Здаецца, што тут не жадаюць бачыць хрысціян, але вы давайце сведчанне Хрыста”, - заклікаў у пасланні Папа. Пантыфік адзначыў, што памятае пра раны і боль усіх пакутуючых ад пераследу і насілля: маці з іх дзецьмі, пажылых людзей, тых, якія апынуліся без даху над галавой, і многіх іншых.

Святы Айцец у чарговы раз паўтарыў, што прычынай пакутаў цэлых рэлігійных супольнасцяў з’яўлецца дзейнасць толькі адной экстрэмісцкай і фундаменталісцкай групы. “Хрысціяне і язіды былі сілай выгнаны са сваіх дамоў, павінны былі пакінуць усё, каб захаваць уласнае жыццё і не адмаўляцца ад веры. Насілле закранула таксама сакральныя будынкі, помнікі, рэлігійныя сімвалы і аб’екты культурнай спадчыны, жадаючы знішчыць нібыта любыя сляды, любы напамін аб іншым. Будучы рэлігійнымі лідарамі, мы маем абавязак асудзіць усе парушэнні годнасці і правоў чалавека!” - сказаў Папа ў відэапасланні.

Пантыфік падзякаваў блізкаўсходнім хрысціянам за іх сведчанне і запэўніў у сваёй малітве аб дарах сілы і вытрываласці. Таксама Папа зноў звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай дапамагчы ў спыненні канфліктаў у рэгіёне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by