План мерапрыемстваў з удзелам Папы на бліжэйшыя два месяцы | Друк |
Святы Айцец
07.12.2014 15:04

Служба папскіх літургічных цэлебрацый апублікавала план мерапрыемстваў з удзелам Папы Францішка. 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай.

12 снежня Папа ўзначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі ў базыліцы св. Пятра з нагоды свята Маці Божай Гвадэлупскай. У літургіі, якую будуць упрыгожваць творы “Крэольскай Імшы” аргенцінскага кампазітара Арыэля Рамірэса, прымуць удзел шматлікія іерархі з лацінаамерыканскага рэгіёна.

У Трэцюю нядзелю Адвэнту, 14 снежня, Пантыфік наведае рымскую парафію Св. Юзафа ў раёне Аўрэліа. Вігілійная Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны дзень, у 12.00, Святы Айцец удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і свету) і звернецца са сваім пасланнем.

Вечарам 31 снежня Папа ўзначаліць святочнае набажэнства на заканчэнне года. Пантыфік будзе таксама цэлебраваць святыя Імшы 1 студзеня, у Сусветны дзень міру, 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, і 11 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.

12-19 студзеня адбудзецца апостальскае падарожжа Святога Айца ў Шры-Ланку і на Філіпіны, а 25 студзеня ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі Папа ўзначаліць малітву Нешпараў з нагоды ўрачыстасці навяртання Апостала Народаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by