“Як моцна сённяшні свет патрабуе пяшчоты!” - адзначыў Папа Францішак падчас святой Імшы на Божае Нараджэнне. Імша праходзіла познім вечарам 24 снежня ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.
Папа казаў у сваёй гаміліі пра цярплівасць, блізкасць, пакору і пяшчоту Бога. Пантыфік звярнуў увагу, што, калі мы сузіраем нованароджанага Езуса, які ляжыць у яслях, то павінны задумацца: “Як прымаем пяшчоту Бога? Я дазваляю, каб Ён прыйшоў да мяне, абняў мяне, ці перашкаджаю Яму наблізіцца?”
Але самае галоўнае, дадаў Папа, - нават не шукаць Бога, а дазволіць, каб гэта Ён знайшоў чалавека і наблізіўся з пяшчотай.
Таксама Пантыфік спытаў: “Ці ёсць у нас мужнасць пяшчотна прыняць складаныя сітуацыі і праблемы людзей, якія стаяць вакол нас, ці, хутчэй, мы аддаем перавагу безасабовым рашэнням, магчыма, эфектыўным, але пазбаўленым цяпла Евангелля?” Папа звярнуў увагу і на тое, што Бог у любові падыходзіць да нашай мізэрнасці. “Ён сам робіць сябе маленькім, каб лягчэй сустрэцца з намі. Таму мы не можам не адчыніць дзверы нашага сэрца, не папрасіць Яго: “Пане, дапамажы мне быць як Ты, дай мне ласку адчувальнасці ў самых складаных абставінах жыцця, дай мне ласку блізкасці ў абліччы кожнай патрэбы, лагоднасці ў кожным канфлікце”.
Святы Айцец заклікаў сузіраць яслі, таму што менавіта там можна “ўбачыць святло вялікае” якое ўбачылі простыя людзі, якія жадалі прыняць дар Божы, у адрозненне ад людзей пыхлівых, ганарлівых, якія “ўстанаўліваюць правы паводле сваіх асабістых крытэрыяў, якія прымаюць паставу закрытасці”.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|