Папа Францішак скіраваў пасланне ўдзельнікам 37-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі, якая праходзіць у Празе (Чэхія). Такія форумы, па словах Пантыфіка, вучаць таму, як праз «малітву і ўзаемны дыялог быць соллю зямлі».
Святы Айцец адзначыў, што толькі праз Хрыста можна спазнаць сапраўдны смак гэтай «солі», а захаваць яго можна «дзякуючы адкрыццю прыгажосці зносін з Богам і братамі і сёстрамі». Пантыфік заклікаў маладых людзей не дазволіць паглынуць сябе «ўласным абмежаванням і слабасцям».
Нагадаўшы, што сёлета Чэхія адзначае 25-годдзе вяртання да дэмакратыі, Папа заахвоціў моладзь памятаць у малітвах пра тых, хто часта коштам вялікіх пакут і нават жыцця прывялі сваю краіну да вольнасці, і самім «адкрываць шляхі свабоды».
У 37-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай епіскапатам Чэшскай Рэспублікі, Чэшскай Радай Цэркваў і супольнасцю Тэзэ, прыме ўдзел больш за 30 тыс. маладых людзей з 65 краін, у тым ліку 23 тыс. з-за межаў Чэхіі. Сустрэча пачынаецца 29 снежня і з’яўляецца чарговым этапам «Пілігрымкі даверу на зямлі», якую ініцыяваў брат Ражэ, заснавальнік супольнасці Тэзэ, у канцы 1970-х.
Чэшская сталіца ў другі раз стала гаспадаром моладзевага форуму: упершыню яна прымала яго на мяжы 1990 і 1991 гадоў.
Найбольшая колькасць маладых людзей прыехала ў Прагу з Польшчы, Украіны, Германіі, Італіі, Францыі, Харватыі і Беларусі. У гістарычным цэнтры Прагі адчыняць свае дзверы для малітвы 17 святыняў.
Арганізатары паведамілі, што для моладзі было падрыхтавана 105 тыс. яблыкаў, 100 тыс. мандарынаў, 22 тыс. кг хлеба і больш за 500 кантэйнераў з ежай.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|