Пасланне Папы на Сусветны дзень хворых: дзякуючы нашай блізкасці і прыхільнасці хворы адчувае сябе любімым | Друк |
Святы Айцец
30.12.2014 17:50

З нагоды 23-га Сусветнага дня хворых, які будзе адзначацца 11 лютага 2015 г., Папа Францішак звярнуўся да ўсіх абцяжараных хваробамі людзей, а таксама да прафесіяналаў і валанцёраў у галіне аховы здароўя.

Сёлетняя тэма Сусветнага дня хворых запрашае задумацца над фразай з кнігі Ёва: “Я быў вачыма сляпому і нагамі кульгаваму” (Ёв 29, 15).

Словы Ёва сведчаць аб дапамозе, якую гэты справядлівы чалавек, які карыстаўся павагай у сваім горадзе, аказваў бедным, сіротам і ўдовам. У сваім пасланні Святы Айцец разглядае гэтую фразу з пункту гледжання “sapientia cordis” – мудрасці сэрца. Як адзначае Папа, гэтая мудрасць – не тэарэтычныя, абстрактныя веды, а практычнае служэнне братам і сёстрам, якія пакутуюць.

У пасланні Пантыфіка гаворыцца, што і сёння многія хрысціяне дапамагаюць хворым, якія патрабуюць пастаяннага клопату, і з часам гэтая дапамога можа стаміць і абцяжарыць: адносна лёгка дапамагаць чалавеку цягам некалькіх дзён, і значна цяжэй клапаціцца аб ім месяцамі ці гадамі.

І ўсё ж гэта вялікі шлях! – адзначае Папа. Час, праведзены з хворым – святы час; дзякуючы нашай блізкасці і прыхільнасці хворы адчувае сябе любімым і суцешаным, заўважае Пантыфік. З іншага боку, вялікая хлусня хаваецца за фразамі аб “якасці жыцця”, якія прымушаюць людзей думаць, што жыццё цяжка хворага чалавека не вартае таго, каб быць пражыта! – папярэдзіў Святы Айцец.

Здараецца, дадае Пантыфік, што ў спешцы мы забываемся пра вялікую каштоўнасць часу, праведзенага ля ложка хворага. Папа нагадаў, што дабрачыннасць патрабуе часу, каб клапаціцца пра хворага, наведваць яго, як сябры Ёва, якія “сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем ночаў; і ніхто не казаў яму ні слова, бо бачылі, што пакута яго вельмі вялікая” (Ёв 2, 13). І ўсё ж, адзначае Папа, яны асуджалі Ёва, думаючы, што ён быў пакараны Богам за грахі. Сапраўдная ж дабрачыннасць не судзіць і не чакае пахвалы за тое дабро, якое робіць, гаворыцца ў пасланні Пантыфіка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by