Папа Францішак маліўся за ахвяр тэракту ў Парыжы, дзе ў выніку нападу на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка “Charlie Hebdo” загінулі 12 чалавек і 11 атрымалі раненні. 8 студзеня падчас ранішняй Імшы ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты Пантыфік звярнуўся да вернікаў з заклікам аб малітве за ахвяраў і навяртанні забойцаў.
“Учарашні напад у Парыжы прымушае задумацца аб распаўсюджанай лютасці, чалавечай лютасці, аб тэрарызме, як ізаляваным, так і дзяржаўным. На якую ж жорсткасць здольны чалавек! Молімся падчас гэтай святой Імшы за шматлікіх ахвяраў гэтай лютасці! Будзем маліцца таксама за саміх бязлітасных асобаў, каб Пан змяніў іх сэрцы”, - сказаў Папа.
Таксама Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Парыжа кардынала Андрэ Вэн-Труа, у якой запэўніў у сваёй малітоўнай падтрымцы сем’яў ахвяраў тэракту і ўвесь французскі народ.
Адразу пасля трагічнага здарэння, якое мела месца 7 студзеня, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі выказаў “самае рашучае асужэнне” з боку Папы Францішка гэтага жудаснага злачынства. Святар нагадаў пазіцыю Пантыфіка, які заклікаў любымі сродкамі супрацьстаяць пашырэнню нянавісці і любых форм насілля, як фізічнага, так і маральнага, якое знішчае чалавечае жыццё, парушае годнасць асобы, пагражае мірнаму суіснаванню паміж людзьмі і народамі, незалежна ад іх нацыянальных, рэлігійных і культурных адметнасцяў. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што “незалежна ад матывацыі, забойчае насілле з’яўляецца жахлівым і ніколі не можа быць апраўдана”.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|