Падчас урачыстай Эўхарыстыі ў Сікстынскай капэле 11 студзеня Папа Францішак удзяліў сакрамэнт хросту 33 немаўлятам. Паводле традыцыі, уведзенай святым Янам Паўлам ІІ, у свята Хросту Пана Пантыфік хрысціць дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў.
У гаміліі Святы Айцец заклікаў бацькоў і хросных дапамагаць ахрышчаным дзецям расці ў святле Божага слова і папрасіў аб малітве за шматлікіх маці ў розных частках свету, якія не маюць магчымасці накарміць уласных дачок і сыноў. “Памолімся за іх і паспрабуем ім дапамагчы”, - сказаў Папа.
Пантыфік дадаў, што Божае слова мае для душы такі самы эфект, як малако – для цела дзіцяці: “Божае слова дапамагае расці ў веры”. Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на важнасць перадачы веры. “Дарагія бацькі і хросныя, калі жадаеце, каб вашы дзеці сталі сапраўднымі хрысціянамі, дапамагайце ім расці “пагружанымі” ў Святога Духа, гэта значыць у любоў Божую і святло Яго слова”, - пажадаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў прысутных заўсёды насіць з сабой Евангелле і чытаць яго. “Важным з’яўляецца добры прыклад, які можаце даць – прыклад бацькоў, хросных, дзядзькаў, якія чытаюць Евангелле”, - сказаў Пантыфік. Таксама Папа заахвоціў штодзённа звяртацца да Святога Духа. “Звычайна мы молімся Езусу. Калі кажам “Ойча наш” – звяртаемся да Айца. Але Святому Духу молімся не часта”, - заўважыў Папа, дадаўшы, што вельмі важна маліцца Святому Духу, каб Ён навучыў добраму сямейнаму жыццю і каб дзеці раслі ў атмасферы Святой Тройцы.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|