Пантыфік сустрэўся з прэзідэнтам Шры-Ланкі | | Друк | |
Святы Айцец |
14.01.2015 11:18 |
![]() Шры-ланкскі лідар сустрэў Святога Айца каля цэнтральнага ўваходу і правёў унутр палацу. Тут Пантыфік зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей. «Для таго, хто служыць умілаванаму народу Шры-Ланкі, я прашу аб Божых дарах адвагі, мудрасці і праніклівасці», — напісаў ён. Затым адбылася прыватная размова Прэзідэнта і Папы, пасля чаго ўдзельнікі сустрэчы абмяняліся дарамі. Святы Айцец падараваў шры-ланкскаму лідару каштоўнае факсімільнае выданне зборніка старажытных марскіх карт ХVI ст., арыгінал якога быў набыты ў 1657 г. Ватыканскай апостальскай бібліятэкай, дзе і захоўваецца да сённяшняга дня. У атласе прадстаўлены ўвесь свет, які знаёмы еўрапейцам у тую эпоху. Пасля прадстаўлення дэлегацый, Папа Францішак прыняў удзел у цырымоніі гашэння паштовай маркі, якая была выпушчана спецыяльна з нагоды візіту Святога Айца ў Шры-Ланку. Пасля гэтага Пантыфік накіраваўся на сустрэчу з лідарамі мясцовых рэлігійных супольнасцяў. «Мы павінны быць яснымі і адзінагалоснымі заклікаючы нашы супольнасці ўпоўні жыць мірнымі прадпісаннямі, якія прысутнічаюць у кожнай з рэлігій, і асуджаючы акты насілля, калі яны здзейсняюцца», — падкрэсліў Пантыфік, звяртаючыся да лідараў мясцовых будысцкіх, індуісцкіх, мусульманскіх і хрысціянскіх супольнасцяў падчас сустрэчы. «Я прыбыў у Шры-Ланку следам за маімі папярэднікамі, папамі Паўлам VI і Янам Паўлам ІІ, каб прадэманстраваць вялікую любоў і клопат Каталіцкага Касцёла аб Шры-Ланцы», — прызнаўся Святы Айцец. Папа Францішак назваў вялікай ласкай магчымасць сустрэчы і малітвы з мясцовымі каталіцкімі супольнасцямі. «Такой самай ласкай з’яўляецца магчымасць быць з усімі вамі, людзьмі розных вялікіх рэлігійных традыцый, якія падзяляюць з намі жаданне мудрасці, праўды і святасці», — сказаў Папа і запэўніў у павазе з боку Каталіцкага Касцёла да прадстаўленых традыцый і рэлігій. Гаворачы пра дыялог паміж рэлігіямі, Папа Францішак заўважыў, што такі дыялог павінен грунтавацца на поўным і шчырым прадстаўленні перакананняў: «Калі мы будзем сумленнымі, прадстаўляючы нашы перакананні, то мы будзем у стане больш ясна бачыць тое, што маем супольнага». Папа таксама падкрэсліў, што міжрэлігійны і экуменічны дыялог мае асабліва важнае значэнне для Шры-Ланкі, дзе многія людзі сталі ахвярамі грамадзянскай вайны і насілля. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|