Папа Францішак выказаў пашану сыходзячаму прэзідэнту Італіі | Друк |
Святы Айцец
15.01.2015 11:56
Папа Францішак скіраваў спецыяльную тэлеграму прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі Джорджа Напалітана, які 14 студзеня падаў у адстаўку з паста кіраўніка дзяржавы. Святы Айцец запэўніў палітыка ў сваёй духоўнай блізкасці і павазе.
«Жадаю выказаць пачуцці шчырай пашаны і гарачага прызнання за Ваша шчодрае і ўзорнае служэнне італьянскаму народу, якое было рэалізавана аўтарытэтна, з вернасцю і нястомнай самаадданасцю супольнаму дабру», — напісаў Пантыфік. Паводле слоў Папы Францішка, «светлае і мудрае» служэнне палітыка паспрыяла ўмацаванню сярод насельніцтва Італіі ідэалаў салідарнасці, адзінства і згоды, асабліва ў еўрапейскім і нацыянальным кантэксце, пазначаным немалымі цяжкасцямі.

89-гадовы Джорджа Напалітана займаў прэзідэнцкае крэсла з 2006 г. Ён пагадзіўся пайсці на другі 7-гадовы тэрмін у кастрычніку 2013 г., калі ў краіне выбухнуў глыбокі палітычны крызіс. Палітык ад самага пачатку не хаваў, што можа скласці паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы датэрмінова.

Джорджа Напалітана падтрымліваў добрыя адносіны з Папамі Бэнэдыктам XVI і Францішкам. Ён неаднаразова наведваў Ватыкан і спрыяў развіццю дынамічных і глыбокіх адносін паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by